Якія шанцы ў беларускіх гандбалістаў на выхад у плэй-оф чэмпіянату свету

23 студзеня зборная Беларусі па гандболе правядзе свой апошні матч групавой стадыі чэмпіянату свету, што праходзіць у Катары. У нашай каманды ўсяго два ачкі і 5-е месца з 6 каманд. У наступны раўнд выходзяць па 4 лепшыя зборныя.

У беларусаў задача двайной складанасці. Трэба перамагчы Катар, адну з наймацнейшых каманд группы і гаспадароў турніру, і пры гэтым спадзявацца, што аўтсайдэр Чылі пераможа Бразілію, якая як і мы мае 2 ачкі.

На афіцыйным сайце чэмпіянату свету-2015 па гандболе, які праходзіць у Катары, шанцы беларусаў ацэньваюць як “невялікія”, а магчымы факт выхаду з кваліфікацыі называюць “цудам”. Большасць заўзятараў ставіць на выхад у 1/8 фінала бразільцаў, якія заваявалі свае два ачкі менавіта ў дуэлі з нашай камандай.

“Беларусь павінна перамагчы Катар і пры гэтым спадзявацца, што Бразілія прайграе камандзе Чылі, якая пунктаў не набрала”, — аналізуюць становішча арганізатары чэмпіяната свету.

Матч Бразілія-Чылі адбудзецца ў 17.00 па беларускім часе. Калі чылійцы не выявяць сябе супермэнамі ці не выгрызуць хаця б нічыю, то гульня Беларусь-Катар, што пачнецца ў 19.00, ужо не будзе мець істотнага турнірнага значэння.

У той жа час перамагчы Катар нашым будзе таксама не проста, і не толькі таму, што гэта гаспадары спаборніцтваў.

“На дадзены момант у асноўным складзе гэтай каманды гуляе некалькі катарцаў. А астатнія — гэта этнічныя еўрапейцы, якія прынялі катарскае грамадзянства і гуляюць за іх зборную”, — апісвае сітуацыю адміністратар з Беларускай федэрацыі гандбола Таццяна Пустаход.

Наш капітан Сяргей Рутэнка цягам года назіраў за зборнай Катара, бо тая неаднаразова была на зборах у сталіцы Каталоніі. Дарэчы, галкіпер катарцаў — аднаклубнік Рутэнкі з “Барселоны”. Да таго ж катарцы маюць матывацыю заняць пасля перамогі над беларусамі другое месца у групе, каб на першым этапе кваліфікацыі сустрэцца са слабейшым сапернікамі.

Фота qatar2015live.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі