“Яндэкс. Мапы” падзялілі Крым паміж Украінай і Расіяй
Для расіян паўвыспа будзе адлюстроўвацца як частка Расіі, а для ўкраінцаў — як украінская тэрыторыя.
Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі, апублікаванай увечары 21 сакавіка ў яе афіцыйным блогу.
Змены будуць тычыцца не толькі мапаў, але і іншых сервісаў, напрыклад, “Яндэкс.Навіны”. Пры гэтым карыстальнікі сервісу пры жаданні змогуць пераключыць дамен і “выбраць тую ці іншую карціну свету”, падкрэсліваецца ў паведамленні.
Такое рашэнне “Яндэкс” тлумачыць тым, што сервісы кампаніі, якія выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Расіі, Украіны, Беларусі, Казахстану і Турцыі, нацэленыя на вырашэнне лакальных задач для жыхароў кожнай з гэтых краін.
Невядома пакуль, калі змены пачнуць дзейнічаць. На дадзены момант Крым па-ранейшаму адлюстроўваецца на “Яндэкс.Мапах” як частка Украіны.