Ярмошына: калі не будзе хапаць грошай на камуналку, магу прадаць дом
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю Еўрарадыё патлумачыла, чаму абурылася публікацыяй фота яе дома ў Драздах. "Калі б гэта датычыла кватэры ў шматкватэрным доме, то не было б нічога страшнага, — кажа яна. — Але дамы сфатаграфаваныя — гэта ўжо вельмі асабістая інфармацыя. А размяшчэнне інфармацыі ўплывае на бяспеку жыцця тых, хто жыве ў гэтым доме. Гэта тое самае як старонка пашпарту з прапіскай... Я лічу, што такія рэчы павінны быць са згоды".
З дапамогай фота, кажа старшыня ЦВК, "вылічыць, дзе жыве Ярмошына... вельмі лёгка". "Менавіта таму я абурылася, а не таму, што спрабую нешта схаваць", — адзначыла Лідзія Міхайлаўна.
Ярмошына прызнае, што "катэдж вельмі дорага абыходзіцца, як і любы дом", ён з'яўляецца "дарагой цацкай". Пакуль у яе ёсць заробак, але ўжо хутка яна выйдзе на пенсію. Што тады? "У мяне някепская пенсія. Калі мне стане не па кішэні, буду вырашаць пытанне па змене жылля", — гаворыць Лідзія Ярмошына.
Старшыня ЦВК, дарэчы, збіраецца на адпачынак у Калінінград. Яна ўжо забраніравала нумар у гасцініцы на беразе мора ў невялікім гарадку.