Ярмошына: Нават негатыўная ацэнка выбараў лепш, чым магільнае маўчанне
Старшыня ЦВК Беларусі не стала рабіць прагнозаў наконт магчымых ацэнак АБСЕ будучай прэзідэнцкай кампаніі.
Любая ацэнка выбараў з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе лепш, чым маўчанне. З такой заявай 11 лістапада выступіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
"Мы можам крытыкаваць БДІПЧ АБСЕ, але гэта ўсё ж самая аўтарытэтная назіральная місія, — цытуе словы Ярмошынай БЕЛТА. — Таму думаю, што з ёй трэба супрацоўнічаць. Любая, нават негатыўная ацэнка, але зробленая на падставе адкрытых падзей, лепш, чым увогуле магільнае маўчанне. Не трэба АБСЕ, як і ўсе міжнародныя арганізацыі, лічыць закасцянелымі ў поглядах чыноўнікамі, якія зусім не змяняюцца і не праводзяць гнуткую палітыку".
Лідзія Ярмошына не стала рабіць ніякіх прагнозаў наконт магчымых ацэнак АБСЕ будучай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі. Яна, як вядома, мусіць прайсці ў 2015 годзе. "Ацэнка выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе змянілася за адну ноч, пасля падзеяў на Плошчы", — сказала старшыня ЦВК.