Ярмошына: Упершыню ў справаздачы місіі АБСЕ шмат станоўчага
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 13 кастрычніка падзялілася сваімі ўражаннямі ад папярэдняй справаздачы місіі АБСЕ па назіранню за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Яна адзначыла, што задаволеная гэтым дакументам.
Ярмошына: "За доўгія гады міжнароднага назірання менавіта з боку місіі АБСЕ ў нашай краіне мы ўпершыню атрымалі адказ, які ўтрымлівае высновы і пералічвае падзеі не толькі з адмоўнага боку, але і адзначае шмат станоўчага".
Паводле слоў Ярмошынай, станоўчае — гэта сітуацыя, якая была ў краіне напярэдадні выбараў, добразычлівасць і адкрытасць ўсіх членаў выбарчых камісій, іх супрацоўніцтва з членамі місіі, а таксама "выдатная праца сродкаў масавай інфармацыі, якія без якога-небудзь цэнзуравання падавалі магчымасць вядзення перадвыбарчай агітацыі кандыдатам у прэзідэнты". Што да адзначаных недахопаў, дык старшыня ЦВК згадала праблему празрыстасці і дакладнасці працы ўчастковых выбарчых камісій.
Фота: БЕЛТА