Яшчэ адзін хакеіст з каманды Лукашэнкі здаў тэст на каранавірус
Хакеіст з каманды Аляксандра Лукашэнкі Павел Волчак здаў тэст на каранавірус. Яму давялося гэта зрабіць пасля таго, як прыхварэў Дзмітрый Мялешка, а пасля ў яго выявілі COVID-19. Мялешка ўдзельнічаў у аматарскім хакейным турніры, які скончыўся 11 красавіка. Гуляў у хакей і кіраўнік дзяржавы разам з малодшым сынам Мікалаем.
Волчак сказаў "Трыбуне", што ў аўторак здаў тэст на каранавірус, як "кантакт першага ўзроўню". Да нядзелі яму трэба быць дома. Паводле слоў Волчака, пасля 11 красавіка каманда не збіралася.
Раней яшчэ адзін гулец каманды Алег Антоненка сказаў TUT.by, што яму параілі самаізалявацца на два тыдні.
Што да Аляксандра Лукашэнкі, то ён самаізалявацца не збіраецца, а тэст на каранавірус не здаваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.