Яшчэ два прысуды блогерам — Маслоўскаму і Цыгановічу (MozgON)
У панядзелак 15 чэрвеня ў Мінску адбыліся суды над удзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.
У судзе Фрунзенскага раёна суддзя Ала Бушава разглядала адміністрацыйную справу блогера Мікалая Маслоўскага. За пікет 31 траўня каля Камароўскага рынку яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Паводле інфармацыі "Вясны", блогер заявіў, што вёў стрым з пікета. Ён падкрэсліў, што мерапрыемства каля рынку было поўнасцю законным. Аднак яму прысудзілі 15 сутак арышту.
За гэты ж пікет у судзе Савецкага раёна сталіцы судзілі youtube-блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Ён, дарэчы, адбывае арышт за лютаўскую сустрэчу кіроўцаў каля офіса "Белнафтахіма". Таму яго суд праходзіў праз Skype. Цыгановіча выдалілі да пачатку пасяджэння, бо ён запатрабаваў ад суддзі Веры Галаўковай, каб тая даказала, што з'яўляецца суддзёй.
Сведкам па справе выступаў амапавец Сяргей Сіманаў. Па яго словах, на пікеце Цыігановіч "выкрыкваў лозунгі, праяўляў непавагу да ўладаў", а таксама крычаў "Жыве Беларусь!" і "Свабоду Ціханоўскаму!".
Суддзя пакарала Цыгановіча дадатковымі 15 суткамі арышту.
Раней стала вядома, што за гэты ж пікет завочна асудзілі блогера Эдуарда Пальчыса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.