"Ён ваюе з імі" — былы палітвязень расказаў пра Сяргея Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі ў камеры, 2023 год

Сяргей Ціханоўскі ў камеры, 2023 год / Кадр з відэа

Былы беларускі палітвязень Глеб Гатоўка, які ў сакавіку 2024 года выйшаў на волю і змог выехаць за межы Беларусі, у інтэрв'ю "Белсату" расказаў пра палітвязня Сяргея Ціханоўскага. 29 траўня споўнілася чатыры гады, як ён за кратамі. Гатоўка бачыў Ціханоўскага ў жодзінскай турме (апошні раз — у сакавіку).

Сяргей Ціханоўскі заўважна схуднеў. Ён знаходзіцца ўвесь час адзін, шмат часу праводзіць у ШІЗА, прычым у жудасных умовах.

"Ён трымае планку, ваюе з імі, хоча адстойваць свае правы, якія парушаюцца, — кажа экс-палітвязень. — Яму ствараюць інфармацыйны вакуум, абмяжоўваюць тым, што ёсць у амаль кожнага зняволенага: літаральна самыя простыя побытавыя рэчы, якія перадаюць бандэроллю з волі. Напрыклад, у яго ў камеры нават не было паперы, каб напісаць заяву і забраць свае ўласныя рэчы з рэчавага складу".

Аднойчы ён чуў, як Ціханоўскі падчас праверкі сварыўся з адміністрацыяй. "А дзе рэгламентавана, што заява павінна быць у пісьмовай форме? — гаварыў ён. — Я вам вусна на камеру кажу, бо вы ж прадстаўнік адміністрацыі!". З гэтых размоваў відаць, адзначае Глеб, што Сяргей "у адэкватным стане, ён трымаецца".

Сяргей Ціханоўскі цалкам знаходзіцца на казённым харчаванні, а яго недастаткова для таго, каб быць у адэкватнай форме. Кожны зняволены мае права на 1 базавую велічыню (40 рублёў) раз на месяц нешта купіць у турэмнай краме. Яму гэта не дазволена. Ён не атрымлівае лістоў і не ходзіць на тэлефанаванні.

Камунікацыя з Ціханоўскім у турме забароненая. Ён стараецца не парушаць нейкіх унутраных правілаў, бо за ім вельмі пільна сочаць і могуць пакараць за любое найменшае парушэнне.

Неяк адзін са зняволеных напісаў сваякам на волю ліст, у якім згадаў пра Сяргея Ціханоўскага. Гэты ліст не выпусцілі на волю. Відаць, была нейкая пастанова цалкам ізаляваць Ціханоўскага ад свабоднага свету, каб ніякай інфармацыі ад яго не паступала на волю, у тым ліку ад іншых палітзняволеных.

У снежні 2021-га Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны закрытым судом на 18 гадоў пазбаўлення волі. Потым яго перавялі на турэмны рэжым і прызначылі яшчэ 1,5 года пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі