З 53-х капеек на прыборку пад’езда ў заробак дворніку трапляе толькі 7

З 53-х капеек на прыборку пад’езда ў заробак дворніку трапляе толькі 7

З 1 студзеня разам з вылучэннем прыборкі дапаможных памяшканняў у асобную графу жыроўкі знікла і абавязковая норма па вільготнай ды сухой прыборцы пад’ездаў. Раней падмяталі пад’езды не радзей, чым два разы на тыдзень, а мылі і дэзінфікавалі не менш за два разы на месяц. Цяпер жа ЖЭСам папросту не хапае сродкаў на аплату такога графіку.

“Раней мы з вамі часткова аплачвалі прыборку памяшканняў агульнага карыстання, як тэхнічнае абслугоўванне дома, — тлумачыць намесніца генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарнамым ўтрыманні жыллёвага фонду ГА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадаркаГаліна Гілевіч. — Тады быў усталяваны графік прыборкі і, калі грошай насельніцтва на аплату гэтай паслугі не хапала, яе датавалі з бюджэту. А цяпер прыборку вывелі з тэхнічнага абслугоўвання, фактычна, тым самым ануляваўшы і існуючую перыядычнасць. Цяпер мы карыстаемся толькі тымі грашыма, што плаціць насельніцтва”.

Калі беларусы атрымалі жыроўкі з новымі тарыфамі ў лютым 2016 года, пачаўся скандал і было вырашана паменшыць максімальна дапушчальны тарыф на прыборку дапаможных памяшканняў. Ён склаў 5300 (ці 53 капейкі дэнамінаванымі рублямі) з чалавека, зарэгістраванага ў доме.

“Кожны месяц нам бухгалтэрыя робіць асобную калькуляцыю па кожным пад’ездзе, — распавядае, як працуе новая схема, кіраўніца аднаго з ЖЭСаў Савецкага раёна Мінска. — У залежнасці ад таго, колькі прапісана людзей, яны разлічваюць, колькі застаецца грошай на заробак дворнікаў. Пасля выліку з 53 капеек, якія плаціць адзін жыхар, усіх падаткаў, выдаткаў на ваду, нейкай там яшчэ адміністратыўнай лухты, тых жа мётлаў… і атрымліваецца, што да дворнікаў з гэтай сумы даходзіць толькі 7 капеек, а бывае і меней”.

Возьмем звычайную пяціпавярхоўку ў цэнтры горада. Шэсць пад’ездаў па тры кватэры на паверсе. Будзем лічыць, што ў кожнай кватэры пражываюць па тры чалавекі. То бок месячны заробак за прыборку такога дома складае 18 рублёў 90 капеек (189000 старымі). Уражвае, праўда?

“Калі пад’езд са смеццеправодам, то на яго прыборку папросту не хапае грошай, толькі на вынас смецця са смеццеправоду. Бо ў асноўным у нашых дамах гэта робіцца ўручную, — працягвае кіраўніца ЖЭС. — Калі смеццеправод закрыты, ці гэта такі пяціпавярховік, як вы прапанавалі, то грошай хапае на тое, каб два разы на тыдзень пад’езд падмесці і адзін раз на месяц памыць”.

Дык як жа так атрымалася, што новы максімальна дапушчальны тарыф фактычна пакідае пад’езды дамоў без прыборкі?

“Думаю, што прымалі менавіта такі тарыф не проста так, — разважае Галіна Гілевіч. — Напэўна, улічвалі плацежаздольнасць насельніцтва, бо на насельніцтва яшчэ ж усклалі аплату электраэнергіі ліфта і яго тэхнічнае абслугоўванне, за электраэнергію месцаў агульнага карыстання… таму, поўнай лыжкай усё адразу, напэўна, было няправільна. Хутчэй за ўсё, гэтая палітыка накіраваная на зварот жыхароў да больш уважлівага стаўлення да месцаў агульнага карыстання. Трэба ўжо сапраўды пачынаць ставіцца да пад’ездаў, як да сваёй уласнасці”.

З гэтым складана не пагадзіцца! Але ў той жа час, калі б з гэтых усталяваных 53 капеек на заробак дворніку заставалася крыху больш, чым 13%, верагодна, сітуацыя не выглядала б так крытычна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі