З будаўнікамі яшчэ не разлічыліся за Нацыянальную бібліятэку

Прадпрыемствам, якія будавалі Нацыянальную бібліятэку, дагэтуль не заплацілі грошай. Дзяржава можа аплаціць ім толькі ў канцы 2009 года.  Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі 2 чэрвеня падпісаў дакумент, які абавязаў разлічыцца з прадпрыемствамі, што працавалі на будаўніцтве “нацыяналкі”, да 10 чэрвеня 2006 года.

Праз два гады у чэрвені праблему зноў паднялі. Крэдыторы, якім не вярнулі грошы, звярнуліся да дэпутата Пятра Саламухі — члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці. Выявілася, сямі прадпрыемствам так і не вярнулі грошы, агульнай сумай каля 614 мільёнаў 874 тысячы рублёў. Яны ўдзельнічалі ў будоўлі не па сваёй волі — гэтага патрабавала дзяржава. Урад абяцаў разабрацца са справай. У якім стане зараз сітуацыя, вырашыла разабрацца Еўрарадыё.

Сярод прадпрыемстваў-крэдытораў аказаліся ААТ «Прафтэхмантаж» і наваполацкае ААТ «Нафтазаводмантаж», таксама ААТ “Магілёўтэхмантаж”, якое займалася мантажом шкла верхняй часткі бібліятэкі, так званых граняў алмаза. Еўрарадыё даведалася ў юрыста наваполацкага ААТ «Нафтазаводмантаж», што грошы ім яшчэ не вярнулі.

“Не разлічыліся, натуральна. Даслалі яны нам ліст – адказ, бо мы звярталіся да дэпутата парламента. Таму яны павінны былі нам адказаць. Абяцаюць недзе лістапад 2009 года, але гэта толькі абяцанні”.

У ААТ “Прафтэхмантаж” нам расказалі, што кампанія ПУП “Біялтэхпрам”, якая павінна грошы, аб’яўленая банкрутам. І што яна амаль разлічылася з даўгамі дзяржаве, але не вярнула грошы ніводнаму з крэдытораў.

“Разлікі з асноўнымі крэдыторамі першай чаргі — падатковая, мытня — яны амаль зрабілі. Але з намі разлікаў яшчэ не было. Паціху яны разлічваюцца з даўгамі дзяржаве, але што датычыцца нас, крэдытораў, то там сапраўды вельмі вялікія сумы”.

ПУП “Біялтэхпрам”, якое павінна грошы 7 арганізацыям, а таксама дзяржаве, стала банкрутам. Як атрымалася, што кампанія, якая працавала на будаўніцтве такога маштабнага праекта, як Нацыянальная бібліятэка, стала банкрутам? Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў юрыстаў кампаніі “Арт-груп”, якая прадстаўляе інтарэсы інвестараў.

“Там быў будтрэст №7. У яго  з “Біялтэхпрам” была заключаная дамова, і па ёй вельмі вялікая сума грошай. Тэрміны выканання абавязкаў па гэтай дамове, г.зн. калі канчатковы разлік мусіць быць, гэта канец 2009 года. Калі будтрэст будзе вяртаць, паміж крэдыторамі будуць размяркоўваць гэтыя сродкі”.

Гэты самы будтрэст — адна з самых буйных генпадрадных будаўнічых арганізацый РБ — займаўся будаўніцтвам “нацыяналкі”. Ён так і не разлічыўся да канца з кампаніяй “Біялтэхпрам”, таму яна стала банкрутам і не здолела выплаціць сродкі крэдыторам. Расказаў нам юрыст ААТ «Нафтазаводмантаж»:

“Біалтэхпрам” з мэтай разліку з крэдыторамі накіраваў у Гаспадарчы суд Мінску позву пра  датэрміновае спагнанне з ААТ ”Будаўнічы трэст 7” 5 працэнтаў сродкаў ад дамовы, якія засталіся. Там 846 мільёнаў яшчэ. І гаспадарчы суд Мінска адмовіў у позве. У сувязі з гэтым пагашэнне патрабаванняў крэдытораў 5-ай чаргі будзе праводзіцца толькі пасля 1-га лістапада 2009 года. З якіх сродкаў —незразумела”.

Справа аб банкруцтве “Біялтэхпрам” на сённяшні дзень прыпыненая. А ўся яго маёмасць распрададзеная за 28 мільёнаў рублёў. Крэдыторам яно павінна 614 мільёнаў. А будтрэст мусіць выплаціць 846 мільёнаў, якія размяркуюць паміж крэдыторамі. Але сітуацыя можа скласціся такая, што пройдзе яшчэ трохі часу, і за даўнасцю справа па выплаце запазычанасцяў будзе зусім спыненая. Крэдыторы застануцца без грошай. І хто ж тады будзе будаваць наступны маштабны дзяржаўны праект?


Фота — "Салідарнасць"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі