З Літвы з'ехаў першы грамадзянін Ірака, які прыйшоў з Беларусі
З Літвы з'ехаў першы грамадзянін Ірака, які ў чэрвені нелегальна прыйшоў з Беларусі. 12 жніўня ён на ўласнае жаданне выляцеў з Вільні ў Стамбул. Раней мігрант прасіў прытулак у Літве, але не атрымаў яго. Паколькі ў мужчыны былі дакументы і ён захацеў вярнуцца на радзіму, такая магчымасць была забяспечана. Замежнік атрымаў 300 еўра дапамогі, паведамляе Delfi.
У бліжэйшы час Літву пакінуць яшчэ каля дзясятка іракцаў, якія таксама перайшлі мяжу з Беларусі. Міністр унутраных спраў Агне Білатайце кажа, што "нелегальныя мігранты, якія не атрымалі прытулак, павінны будуць пакінуць Літву". З красавіка Дэпартамент міграцыі разгледзеў 128 заявак на атрыманне прытулку і статус уцекача пакуль ніхто не атрымаў.
Сёлета ў Літву праз Беларусь трапілі больш за 4 тысячы мігрантаў (найперш грамадзяне Ірака). Вільня лічыць, што ўлады Беларусі аказваюць садзейнічанне нелегальнай міграцыі, як адказ на санкцыі. У жніўні літоўскія памежнікі сталі адпраўляць мігрантаў, якія пераходзілі мяжу, назад у Беларусь. Тое самае робяць у апошнія дні і латвійскія памежнікі, якія таксама сутыкнуліся з праблемай нелегальнай міграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.