З СІЗА КДБ выйшаў паліттэхнолаг Віталь Шкляраў — пад хатні арышт

Віталь Шкляраў / Еўрарадыё​
Віталь Шкляраў / Еўрарадыё​

З СІЗА адпушчаны паліттэхнолаг Віталь Шкляраў. Пра гэта распавёў яго адвакат Антон Гашынскі.

Мера стрымання Шкляраву змененая з утрымання пад вартай на хатні арышт. Ён выпушчаны з СІЗА пад асабістае даручальніцтва, палітолага Юрыя Васкрасенскага, які выйшаў з СІЗА КДБ тыднем раней.

Шкляраў стаў чацвёртым удзельнікам сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ, які выйшаў з-за кратаў. Да гэтага былі вызваленыя ўласна Юрый Васкрасенскі, айцішнік Дзмітрый Рабцэвіч і адвакат Ілля Салей.

У адным з інтэрв'ю, якое Васкрасенскі даў дзяржканалам пасля вызвалення, ён распавёў, што яму даручана сфармаваць спіс палітвязняў, якіх павінны выпусціць з СІЗА. Палітолаг актыўна падтрымаў канстытуцыйную рэформу, на якой настойвае Лукашэнка, і ўключыўся ў працу над ёй.

Шкляраў быў затрыманы ў канцы ліпеня 2020 года. Верагодна, яго падазравалі ў садзейнічанні Сяргею Ціханоўскаму. Шкляраў гэта адмаўляў і праз адваката казаў аб тым, што яго затрыманне незаконнае, а тое, у чым яго падазраюць, "не паддаецца ніякай крытыцы".

У СІЗА Шкляраў перахварэў каранавіруснай інфекцыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі