З-за падазронага пакета з бабруйскай царквы эвакуявалі 80 чалавек

З-за падазронага пакета з бабруйскай царквы эвакуявалі 80 чалавек

З нестандартнай сітуацыяй сутыкнуліся вернікі, якія прыйшлі 9 красавіка ў Свята-Нікольскі храм Бабруйска, каб адсвяткаваць Вербніцу, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Каля 12-й гадзіны адзін з міліцыянтаў, якія дзяжурылі каля царквы, звярнуў увагу на нічыйны пакет са скрынкай ўнутры, які стаяў каля ўваходу ў храм. На месца здарэння выклікалі сапёрна-піратэхнічную групу вайсковай часці 5527. З самой царквы эвакуявалі служачых храма і наведвальнікаў — агулам 80 чалавек. Аўтамабільны рух каля царквы не перакрываўся. 

Сапёры абследавалі пакет і знайшлі ў ім скрынку, у якой змяшчаўся абраз. Выбуховых рэчываў у пакунку не было. Уладальнік пакета не вядомы.

Усе мерапрыемствы занялі каля 50 хвілінаў.

Абраз перадалі ў храм. Па словах царкоўных служкаў, і раней былі выпадкі, калі людзі пакідалі абразы каля ўваходу ў царкву, жадаючы заставацца невядомымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі