За каментары ў інтэрнэце беларуса адправілі ў псіхіятрычную лякарню "Гайцюнішкі

Гайцюнішкі / ілюстрацыйнае фота з неафіцыйнай старонкі горада ў Фэйсбуку

Гайцюнішкі / ілюстрацыйнае фота з неафіцыйнай старонкі горада ў Фэйсбуку

54-гадоваму мінчуку Ігару Папову на закрытым судзе прызначылі бестэрміновае прымусовае лячэнне са строгім наглядам. Такое рашэнне вынесла суддзя Мінскага гарадскога суда Валянціна Зянкевіч яшчэ 12 траўня. Аднак падрабязнасці справы праваабаронцы даведаліся толькі цяпер.

Папова судзілі як асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, і ўжо накіравалі ў псіхіятрычную лякарню "Гайцюнішкі" Воранаўскага раёна. 4 жніўня яго дадалі ў "спіс экстрэмістаў".

Мужчыну вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Паводле некаторых звестак, Папова затрымалі на пачатку верасня 2022 года. З таго часу яго трымалі пад вартай у жодзінскай турме. Псіхіятрычнае экспертнае заключэнне рыхтавалі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.

Па справе прайшлі тры закрытыя судовыя пасяджэнні. Працэс вяла тая ж суддзя, якая судзіла ўдаву Андрэя Зэльцэра Марыю Успенскую, былога памочніка пракурора Яўгена Бабака, галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і гендырэктарку партала Людмілу Чэкіну ды іншых палітвязняў.

Як адзначаюць праваабаронцы, пасля 2020 года па палітычных артыкулах 17 чалавек асудзілі як асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечнае дзеянне. Двум з іх прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са строгім наглядам.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі