За паўгода ў беларускім IT стала менш на 8 тысяч работнікаў
За паўгода ў беларускім IT стала менш на 8 з лішнім тыс. работнікаў / pixabay.com
IT-кампаніі працягваюць біць рэкорды па колькасці звольненых работнікаў. У чэрвені з галіны звольнілі больш за 3700 чалавек. Гэта ў 4 разы больш, чым нанялі. За 6 месяцаў гэтага года чысты адток кадраў, то бок розніца паміж нанятымі і звольненымі з IT-сектара перавысіў 8000. Калі такая дынаміка захаваецца, то адток па выніках студзеня-ліпеня будзе большы, чым за ўвесь мінулы год.
Спецыялісты з галіны пачалі актыўна сыходзіць яшчэ ў сакавіку. З красавіка колькасць звольненых спецыялістаў стабільна трымаецца на ўзроўні 3 з лішнім тысячы ў месяц. У чэрвені з кампаній сышло ў 2,5 разы больш супрацоўнікаў, чым у чэрвені мінулага года. А калі параўноўваць з траўнем гэтага года, колькасць звольненых вырасла амаль на 4%, піша devby.io.
Попыт на айцішнікаў адносна мінулага года застаецца нізкім. Буйныя і сярэднія кампаніі не прымаюць людзей на працу. Вакансій за люты-травень стала ў тры разы менш.
У чэрвені сітуацыя крыху палепшылася. За месяц кампаніі нанялі 943 спецыялістаў, што на 18% больш, чым у траўні. А вось адносна чэрвеня 2021 года наём упаў на 46%. Акрамя таго колькасць прынятых на працу спецыялістаў моцна не дацягвае і да ўзроўню першага квартала гэтага года.
За паўгода лічбы па найме сумарна пакуль не ўражваюць. За студзень-чэрвень кампаніі ўзялі на працу крыху больш за 7 тысяч супрацоўнікаў — на 20% менш, чым летась.
А вось з ІТ-кампаній за першае паўгоддзе звольнілася 15 з лішнім тысяч чалавек — амаль у два разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Амаль 90% звольненых супрацоўнікаў працавалі ў Мінску.
Паводле звестак Белстата, у 2021 годзе ў сферы "Інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання" працавала 104 тысячы чалавек. Гэта значыць, што за шэсць месяцаў толькі па афіцыйных дадзеных IT-сектар страціў больш за 8% супрацоўнікаў.
Праз масавае звальненне айцішнікаў у Беларусі нават паляпшаецца індэкс Джыні. Пра гэта расказаў эксперт "Кошту ўрада" Уладзімір Кавалкін.
"Індэкс Джыні лепшы тады, калі розніца ў даходах самых багатых і самых бедных жыхароў краіны скарачаецца, і ў Беларусі гэта адбываецца. Здавалася б, можна радавацца, аднак гэта адбываецца на фоне падзення рэальных даходаў. Атрымліваецца, што самыя высокааплатныя работнікі з'язджаюць з краіны, і за кошт гэтага выпраўляецца індэкс Джыні. Прасцей за ўсё гэта растлумачыць класічным камунізмам — усе робяцца роўныя ў сваёй беднасці", — кажа Кавалкін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.