За раскіданыя каля пракуратуры самарэзы мінчанка атрымала 1 год 1 месяц калоніі
Дзвюх мінчанак асудзілі за самарэзы, раскіданыя каля будынка пракуратуры. Анастасію Нікіціну і Святлану Лабунскую вінавацілі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства) і ч. 1 арт. 14 (замах на здзяйсненне злачынства). Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк.
Як адзначае праваабарончы сайт "Вясна", Нікіціна да суда была пад вартай, у яе двое непаўналетніх дзяцей. Лабунская з 30 снежня знаходзілася пад хатнім арыштам.
Як сцвярджае следства, 13 снежня жанчыны раскідалі каля 45 металічных самарэзаў на тэрыторыі каля пракуратуры Мінска на вуліцы Якубоўскага, 20. На іх напароўся аўтамабіль і прабіў два колы. Матэрыяльная шкоды склала 36 рублёў 18 капеек.
27 снежня жанчыны хацелі паўтарыць свае дзеянні, аднак былі затрыманыя.
У сваім апошнім словае Нікіціна паведаміла, што акрамя дваіх сваіх дзяцей узяла на патранажнае выхаванне ў Бараўлянах дзяўчынку са "складанай жыццёвай сітуацыяй". Сама Нікіціна мае праблемы са шчытападобнай залозай, у яе дыябет, і ёй патрэбная аперацыя на вочы.
Суддзя прызначыла Анастасіі Нікіцінай адзін год і адзін месяц калоніі агульнага рэжыму, Святлане Лабунскай — паўтара года абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.