За шпацыр з БЧБ-парасонам дзяўчыну арыштавалі на 25 сутак
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 8 красавіка судзілі сям'ю Міхайлавых, затрыманую ўчора пасля ператрусу ў Прылуцкай Слабадзе, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Пасля затрыманняў мінская міліцыя заяўляла, што гэта актыўныя ўдзельнікі "жаночага маршу" з бел-чырвона-белымі парасонамі, а "падчас санкцыянаванага агляду домаўладання выяўленая атрыбутыка, якая асацыюецца з пратэснай".
Суддзя Вікторыя Шабуня судзіла 30-гадовую Юлію Міхайлаву, абвінавачаную па ч.3 арт. 24.23 КаАП (несанкцянаванае масавае мерапрыемства). Для Юліі гэта ўжо шостае затрыманне.
У пратаколе сцвярджалася, што 6 красавіка з 18:05 па 18:20 Юлія ўдзельнічала ў несанкцыянаваным шэсці на праспекце Пераможцаў у групе з дзесяці чалавек "з мэтай выказвання свайго грамадска-палітычнага настрою". Міліцыянты запісалі, быццам дзяўчына ішла з БЧБ-парасонам і крычала: "Жыве Беларусь!". У якасці доказаў яе віны на судзе былі пададзеныя фатаздымкі партала TUT.BY.
Дзяўчына пацвердзіла, што яна ішла па праспекце ў той дзень, але з белым парасонам. Юлія заявіла, што нічога не выкрыквала, нічым не махала і нічога не выказвала. Па яе словах, пасля затрымання сілавікі на яе крычалі і пагражалі, аказаваючы псіхалагічны ціск.
Суддзя Шабуня прысудзіла Юліі Міхайлавай 25 сутак арышту. Чакаюцца суды таксама над яе братам Пятром і маці Таццянай.
Старэйшую сястру Юліі Лілію ўчора вызвалілі, бо ў яе непаўналетнія дзеці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.