За Таццяну Караткевіч сабралі 100 тысяч подпісаў
Раздаючы падзякі сябрам сваёй ініцыятыўнай групы, Караткевіч прызнаецца Еўрарадыё ў невыкананні свайго першага “перадвыбарчага” абяцання.
Дзе канкрэтна за яе будзе пастаўлены сёння 100-тысячны подпіс, Таццяна Караткевіч, натуральна, не ведае. І шчыра ў гэтым прызнаецца. Тым не менш, разам з кіраўнікамі сваёй ініцыятыўнай групы, выбарчага штаба ды іншымі V.I.P.-персонамі сваёй каманды яны прыходзіць да пікета ля ўніверсама “Цэнтральны” ў Мінску. Дзе не стамляецца ўсім раздаваць падзякі.
Караткевіч: “Я б хацела выказаць словы падзякі сябрам ініцыятыўнай групы, якія плённа працавалі ўсе гэтыя дні і мы выканалі гэтую задачу. Спёка, вы бачыце, людзі з’язжаюць, па кватэрах трэба больш хадзіць, але ўсё ж такі мы справіліся з гэтай задачай — нізкі паклон сябрам маёй ініцыятыўнай групы!”
Падзякі і паклоны — добра, але Еўрарадыё нагадвае прэтэндэнту ў прэзідэнты яе абяцанне: у дзень падачы спісаў ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю ў ЦВК Таццяна Караткевіч абяцала разносіць па пікетах халаднік уласнага прыгатавання. Маўляў, грошы ім не плацяць за працу, дык хоць пакормяць! Выканала?
“Пакуль яшчэ не прыносіла”, — шчыра прызнаецца Караткевіч.
Еўрарадыё: Дык спёка ўжо спадае!
Караткевіч: Не спадае!
Добрым словам узгадвае кандыдат у прэзідэнты ад “Народнага рэферэндуму” сваіх апанентаў, Анатоля Лябедзьку і Сяргея Калякіна. Маўляў, робяць яны агульную справу — “паказваюць людзям, што ёсць альтэрнатыва”. Тым не менш, Караткевіч прызнаецца: здымацца як Лябедзька з выбараў не збіраецца. “Большасць людзей падпісваецца за мяне пасля таго, як пачуе, што мы пойдзем да канца — я не магу падмануць іх давер”, — горда заяўляе Таццяна.
Прыцягнутыя ўрачыстым выглядам кандыдата, вялікай колькасцю фота- і відэакамер журналістаў (і не толькі — дзе ж абыдзецца без міліцыі ў цывільным!) людзі спынялі і пакідалі свае подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч.
Пытаюся ў жанчыны стала ўзросту, якая толькі што распісалася ў падпісным лісце, ці месца жанчыне ў вялікай палітыцы?
“Вы пра такую жанчыну Маргарэт Тэтчэр чулі? — задае яны пытанне насустрач. — Ну, дык чаго тады пытацца?! І не трэба мне казаць пра розныя традыцыі — час гэтыя традыцыі ламаць!”
Дарэчы, хоць на пікеце ля “Цэнтральнага” і гучалі словы пра 100-тысяч сабраных подпісаў, але кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта Андрэй Дзмітрыей прызнаецца, у ЦВК яны пакуль здалі толькі… 1 тысячу. Праўда, паабяцаў, што на наступным тыдні пачнуць здаваць спісы “масава”.
Фота: Змітра Лукашука