За тыдзень у Беларусі патанула 20 чалавек
У Мінску ў Свіслачы напярэдадні патануў мужчына / @skgovby
За тыдзень у Беларусі патанула 20 чалавек, паведамляе МНС са спасылкай на дадзеныя Таварыства ратавання на водах (ОСВОД). 12 чалавек былі выратаваныя.
Два чалавекі, да прыкладу, патанулі 3 ліпеня. Цела мужчыны дасталі з вадаёма ў Слуцку, жанчыны — у Смаргоні. Яшчэ тры чалавекі загінулі на вадзе ў нядзелю, у тым ліку пенсіянер з Мінска. Яго цела напярэдадні дасталі са Свіслачы.
Мужчына лавіў рыбу і вырашыў нарваць водарасцяў для прынады, расказалі падрабязнасці ў СК. Пенсіянер зайшоў даволі далёка — яго бачылі ў цэнтры ракі, затым ён сышоў пад ваду. Людзі на беразе выклікалі ратавальнікаў, але калі цела мужчыны паднялі на бераг, ён ужо быў без прыкмет жыцця.
Ратавальнікі са свайго боку нагадваюць, што не варта заходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап'янення, быць залішне самаўпэўненым у вадзе і пакідаць без нагляду дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.