Загінулых на заводзе ў Светлагорску дагэтуль не пахавалі — праваабаронцы
На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце / sn.by
Рабочых, якія загінулі пры выбуху на цэлюлозна-кардонным камбінаце ў Светлагорску, дагэтуль не пахавалі. Пра гэта праваабаронцам расказала крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Па яе словах, на прадпрыемстве дагэтуль разбіраюць завалы пасля выбуху і знаходзяць парэшткі загінулых. Усе знаходкі адпраўляюць у Мінск на генетычную экспертызу, каб даведацца, каму яны належаць. Таму сваякі дагэтуль не здолелі пахаваць загінулых.
Пазней журналісты партала "Зеркало" са спасылкай на чытачоў паведамілі, быццам усіх загінулых пахавалі 1 ліпеня.
Як паведамляла Еўрарадыё, выбух на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната (ЦКК) здарыўся 7 чэрвеня. У выніку яго загінулі тры рабочыя — Алег Кацуба, Віктар Раманькоў і Міхаіл Шаціца. Яшчэ чацвёра — пацярпелі.
Праз некалькі дзён міліцыя затрымала супрацоўнікаў светлагорскага тэлеканала "Ранак", дзе выйшаў тэлесюжэт пра выбух на ЦКК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.