Замест ЕС — акупаваны Марыупаль: чыноўнікі будуюць новую эканоміку Беларусі

Кіраўнік так званай "ДНР" Дзяніс Пушылін і Аляксандр Лукашэнка

Кіраўнік так званай "ДНР" Дзяніс Пушылін і Аляксандр Лукашэнка / @rubanau_collage

Беларуская эканоміка працягвае расці, але пра стабільнасць казаць не даводзіцца. Устойлівыя хіба што паводзіны беларускіх чыноўнікаў — любой цаной атрымаць прыгожыя лічбы да канца года і ўлезці ў сумнеўныя ўгоды.

Як заўсёды, за пралікі расплацяцца звычайныя беларусы і прыватны бізнес. Пра тэндэнцыі беларускай эканомікі ў чэрвені-жніўні расказаў акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі падчас прэзентацыі "Беларускага трэкера перамен".

Еўрарадыё сабрала асноўныя тэзісы.

 

Рост часткова ўстойлівы

Рост эканомікі ў чэрвені-жніўні быў аднаўленчым пасля спаду ў 2022 годзе. У траўні, чэрвені і ліпені тэмпы росту да адпаведных месяцаў 2022 года склалі 7,4%, 7,1% і 7,6% адпаведна. Адставанне ад 2021 года скарацілася з 2,5% вясной, да прыкладна 1%. Урад актыўна спрабуе разагнаць эканоміку ў тым ліку за кошт танных крэдытаў і павышэння заробкаў. Перагрэў ад занадта вялікага стымулявання ўжо назіраецца, адзначае Леў Львоўскі.

— У чэрвені агульная сума наяўных грошай у абароце падскочыла на 54 працэнты і склала 8,6 млрд рублёў. Складскія запасы, якія дасягнулі лакальнага гістарычнага максімуму ў першым квартале 2023 года, пачалі патроху змяншацца, аднак змяніўся іх якасны склад: да "праблемных" тавараў дадаліся харчовыя, складанасцяў са збытам якіх раней не было. Рост рэальных заробкаў у два разы перавышае рост ВУП, а на рынку працы назіраецца рэкордны дэфіцыт працоўнай сілы. З ліквідацыяй сезоннасці ліпеньскі ВУП хоць і быў вышэйшы, чым год таму, аказаўся больш чым на 1% ніжэйшы, чым у чэрвені. Усе гэтыя фактары падводзяць да высновы, што цяперашні аднаўленчы рост эканомікі Беларусі — толькі часткова ўстойлівы.

Для беларусаў гэта азначае павышаную рызыку інфляцыі, нестабільнасць на грашовым рынку і перакосы на рынку працы. Напрыклад, кадраў усё яшчэ не хапае, і працадаўцы вымушаныя павышаць зарплаты не таму, што кампаніі паспяхова працуюць, а каб утрымаць супрацоўнікаў.

Вместо ЕС — оккупированный Мариуполь: чиновники строят новую экономику Беларуси
Рост галін да 2022 года. IT паказвае горшыя вынікі / Беларускі трэкер перамен

Замест Еўропы — акупаваны Марыупаль

Беларусь працягваюць пакідаць замежныя кампаніі. За студзень-жнівень 2023 года ў Мінску закрыліся прадстаўніцтвы 34 арганізацый з замежным капіталам, а адкрылася толькі 11.

Аднак беларускія чыноўнікі не сумуюць. У чэрвені-жніўні стала вядома пра адразу некалькі эканамічных партнёрстваў з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі Украіны. Беларускае збожжа пачалі адгружаць праз порт Марыупаля. Акупацыйная адміністрацыя Данецкай вобласці дамовілася пра супрацоўніцтва з "Амкадорам" і падпісала пагадненне з "Магілёўліфтмашам".

Вместо ЕС — оккупированный Мариуполь: чиновники строят новую экономику Беларуси
Падпісанне пагаднення паміж так званай "ДНР" і "Магілёўліфтмашам", 23 жніўня 2023 года / тэлеграм-канал "кіраўніка" ДНР

Сімвалічным крокам стала спыненне дзеяння пагаднення пра падвойнае падаткаабкладанне з Кіевам. Адначасова Беларусь ратыфікавала такое ж пагадненне з Зімбабвэ.

На гэтым фоне заходнія краіны аднавілі санкцыйную актыўнасць супраць беларускіх кампаній і фізічных асоб. Напрыклад, Вялікабрытанія пашырыла абмежаванні на імпарт золата, драўніны, каўчуку і цэменту з Беларусі. Італія замарозіла расійскія і беларускія актывы больш чым на 2 мільярды еўра. А Польшча, Літва і Латвія разглядаюць магчымасць закрыць межы з Беларуссю нават пасля таго, як лагер ПВК Вагнера ў Беларусі пачаў згортвацца.

 

Лукашэнка шукае спосабы ўзяць грошай у Пуціна

Нягледзячы на праблемы з вылучэннем расійскага "крэдыту на імпартазамяшчэнне", пра які Аляксандр Лукашэнка казаў вясной, першы транш усё ж паступіў гэтым летам. Таксама пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой заявіў, што Уладзімір Пуцін пагадзіўся даць Беларусі нізкую цану на газ да 2031 года.

Раней Беларусь спрабавала павысіць тарыфы на прапампоўку расійскай нафты, але расійская "Транснафта" не пагадзілася з новымі цэнамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі