Замежныя журналісты тлумачаць, чаму ўсе разам пачалі пісаць пра Беларусь

Замежныя журналісты тлумачаць, чаму ўсе разам пачалі пісаць пра Беларусь

На старонках Forbes ― прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, у The Financial Times ― міністр замежных спраў Уладзімір Макей, у The New York Times фота з Зыбіцкай і каментарыі пра Беларусь выканаўчага дырэктара EPAM Аркадзя Добкіна і “эканаміста і былога ўрадавага чыноўніка” Сяргея Чалага. Прычым, матэрыялы гэтыя з’явіліся амаль адначасова. Улады замовілі нейкаму замежнаму агенцтву піяр-кампанію?

“У пятніцу ноччу вуліца Зыбіцкая, ці проста Зыба, як яе называюць мясцовыя, ператвараецца ў грандыёзную тусоўку з хіпстарамі ў яркіх кашулях, вузкіх цёмных джынсах і акулярах у чорнай аправе, якія паказваюць, наколькі бесклапотным можна быць у краіне, якую называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Шмат хто з тых, хто тут каруселіць, належаць да IT-галіны, што актыўна развіваецца ў Беларусі ― маладыя, вопытныя, перспектыўныя дызайнеры, граматныя і сарамлівыя інжынеры і тыя, хто хоча наблізіцца да іх. Па звестках беларускага ўраду, цяпер у Мінску працуе больш за 30 тысяч тэхнічных спецыялістаў”, ― піша ў сваім артыкуле ў The New York Times Іван Нечапурэнка.

Падазрэнні, што артыкул замоўлены, журналіст горача абвяргае.

Іван Нечапурэнка: “Гэта была мая ідэя ― паехаць у Мінск на некалькі дзён і там некалькі артыкулаў зрабіць. Ніякага рэдакцыйнага задання не было. Я быў у Мінску яшчэ ў сакавіку, але доўга не маглі гэты матэрыял выпусціць, бо іншымі рэчамі былі занятыя. І дайшлі рукі да яе толькі ў апошні месяц. На Беларусь звычайна не хапае часу. бо ёсць Украіна, дзе вядомыя падзеі адбываюцца. А тут час з’явіўся, і мы беларускую тэму нарэшце зрабілі”.

Замежныя журналісты тлумачаць, чаму ўсе разам пачалі пісаць пра Беларусь
Іван Нечапурэнка, фота са старонкі ў Фэйсбук

Героі матэрыялу Івана ― і “герой-тэхнар” Дзмітрый Кавалёў, які распрацаваў і ўдала прадаў Facebook сваю распрацоўку MSQRD, і кіраўнік паспяховай кампаніі EPAM Аркадзь Добкін, у мінскім офісе якой “працуе звыш 6 тысяч спецыялістаў”.

“Так, ваш Парк высокіх тэхналогій працуе не першы год, але ён ужо такія маштабы набыў!.. А тут яшчэ і ваш IT-дэкрэт, Лукашэнка пра гэтую галіну пачаў казаць”, ― тлумачыць сваю цікаўнасць найперш да гэтай галіны журналіст The New York Times.

Тэма IT-галіны пераважае і ў іншых артыкулах замежных СМІ.

“Падатковыя прэферэнцыі дазволілі стварыць за апошнія 12 гадоў магутны IT-кластар, у якім больш за 180 кампаній. У выніку экспарт камп’ютарных паслуг Беларусь павялічыла ў 30 разоў”, ― расказвае Forbes прэмер-міністр Андрэй Кабякоў.

І Зыбіцкая з яе тусоўшчыкамі-хіпстарамі, і 30 тысяч IT-шнікаў ― усё гэта мяняе горад, кажа Іван Нечапурэнка. Але наколькі гэта ўсё зможа паўплываць на змены ва ўсёй краіне?

“Я заўважыў поўную адсутнасць сувязі паміж людзьмі, якія займаюцца IT, і тымі, хто неяк удзельнічае ў палітычных рэчах, бярэ ўдзел у пратэстах. Я шукаў гэтую сувязь, але яе не было абсалютна. Людзі, якія добра ўладкаваліся і працуюць праграмістамі, ім ўвогуле, як мне падалося, абыякава тое, што з Беларуссю будзе. Ім што Беларусь, што не Беларусь ― аднолькава”, ― дзеліцца назіраннямі журналіст.

Іншы ракурс Беларусі прадстаўляе са старонак The Financial Times міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Ён расказвае пра незалежную палітыку Беларусі, пра жаданне ўмацоўваць і пашыраць адносіны з ЕС.

“Мы разумеем, што існуе шэраг пытанняў, якія з’яўляюцца адчувальнымі да Еўрасаюза. У асноўным гэтыя пытанні ляжаць у гуманітарнай галіне ― правы чалавека, дэмакратыя, смяротнае пакаранне. Нашы еўрапейскія партнёры звязваюць гэтыя гуманітарныя аспекты з магчымасцю далейшага ўмацавання палітычных і эканамічных зносінаў паміж Беларуссю і ЕС. Мы не адмаўляемся ад абмеркавання гэтых пытанняў. Нават наадварот”, ― сказаў Макей.

Карэспандэнт The Financial Times Джэймс Шотэр тлумачыць Еўрарадыё сваю цікаўнасць да Беларусі проста: атрымаў запрашэнне ад Міністэрства эканомікі Беларусі на “Беларускі інвестыцыйны форум”. Праехаў і “па ўласнай ініцыятыве ўзяў інтэрв’ю ў спадара Макея”.

“Шчыра, я не ведаю, чаму іншыя замежныя СМІ пішуць. Я пісаў, бо быў запрошаны на Інвестыцыйны Форум. Але не думаю, што іншыя не зацікаўленыя ў дыялогу, Лукашэнку запрасілі на Саміт Усходняга Партнёрства ў Брусель. Я падчас форуму рабіў шмат інтэрв’ю, у тым ліку была магчымасць зрабіць інтэрв’ю з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, і я яго зрабіў”, ― кажа Джэймс Шотэр.

Так што, замовы на піяр з Мінску не было? Іван Нечапурэнка не выключае, што калегі з іншых выданняў “падглядзелі” беларускую тэму ў яго матэрыяле, вось і вырашылі ёй заняцца. Кажа, што шмат тэлефанавалі і пытаўся кантакты ў Беларусі, пыталіся параду ― куды паехаць, на што звярнуць увагу.

Кіраўнік “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман таксама ўпэўнены, што Мінск не плаціць за піяр. Хоць і варта было б. Чаму ж не робяць?

“Па-першае, таму, што няма грошай. Па-другое, у адрозненне ад шмат якіх краін Усходняй Еўропы ў нас вельмі мала сталай камунікацыі з заходнімі краінамі. Мала хто разумее, як лепш там працаваць. Ва ўладзе мала людзей, якія, як, да прыкладу, азербайджанскія калегі, вучыліся на Захадзе і маюць там добрыя кантакты, якімі б можна было скарыстацца”, ― кажа эксперт.

Па словах Прэйгермана, артыкулаў пра Беларусь магло б з’явіцца значна больш, калі б не адно “але”. Для рэпартажу з Беларусі журналістам патрэбныя былі каментарыі таго ці іншага нашага чыноўніка, але паспрабуй атрымай такі каментарый.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі