Заняткі ў мінскім каледжы перанеслі з серады на нядзелю, 25 сакавіка
У Мінскім дзяржаўным каледжы тэхналогіі і дызайна лёгкай прамысловасці перанеслі заняткі з 21 сакавіка на нядзелю, 25 сакавіка. Навучэнцам пра гэта паведамілі праз аб'яву, вывешаную ў каледжы, піша tut.by.
Таксама ў гэтым самым каледжы заняткі ў чацвер, 22 сакавіка, пачнуцца пазней, чым звычайна, — у 12.55. Прычына пераносу заняткаў называецца ўдзел каледжа ў рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Адміністрацыя каледжа тлумачыць, што перанос заняткаў ніяк не звязаны з Днём Волі, які прыпадае на нядзелю. Заняткі перанесці патрэбна, але на суботу іх перанесці немагчыма, бо ў гэты дзень студэнты і так вучацца.
"Гэта ніяк не звязана з Днём Волі. Зараз праходзяць ваенныя вучэнні, і заўтра і паслязаўтра мы адпраўляем з нашай базы ваеннаабавязаных. Я не магу забяспечыць заўтра адукацыйны працэс, таму заўтрашнія заняткі пераносяцца на нядзелю, а ў чацвер заняткі пачнуцца пазней", — тлумачыць журналістам дырэктарка каледжа Вольга Рунец.