Заробак новага галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па баскетболе 500 руб.
Заробак новага галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па баскетболе складзе 500 рублёў (каля 260 долараў). Пра гэта Наталля Трафімава распавяла "Прессболу". Да свайго афіцыйнага зацверджання на гэтай пасадзе Трафімава атрымлівае толькі 400 рублёў у месяц. Яна падкрэсліла, што "матэрыяльнае пытанне ў прапанове федэрацыі" яе не цікавіла. Паводле слоў галоўнага трэнера зборнай, яна хоча "паспрабаваць сілы на новым узроўні, а не быць трэнерам, якому аднойчы пашанцавала".
Наталлі Трафімавай 37 гадоў. Яна трэніруе мінскі "Гарызонт", яшчэ нядаўна выступала і за нацыянальную зборную. Пра тое, што менавіта Трафімава зменіць Анатоля Буяльскага на пасадзе галоўнага трэнера жаночай баскетбольнай зборнай Беларусі, стала вядома ў канцы кастрычніка. Афіцыйнае зацверджанне чакаецца ў пачатку 2017 года.