Затрымалі гендырэктара МАПІДа — "Наша Ніва"
Мікалай Мілашэўскі / МАПІД
Днямі быў затрыманы генеральны дырэктар найбуйнейшай дзяржаўнай будаўнічай кампаніі МАПІД Мікалай Мілашэўскі, піша "Наша Ніва".
Мілашэўскі мае шмат рэгалій і званняў, з'яўляецца намеснікам кіраўніка Саюза будаўнікоў Беларусі. Ён узначальвае МАПІД з 2016 года. Да таго пяць гадоў кіраваў "Мінскбудам", а яшчэ раней прайшоў амаль усю кар'ерную лесвіцу ў 15-м будтрэсце.
Невядома, якія прэтэнзіі яму выстаўляюць. Журналісты паведамляюць, што затрымалі дырэктара МАПІДа ў рамках справы супраць былога намесніка старшыні Мінгарвыканкама Дзмітрыя Мікулёнка, які курыраваў будаўніцтва ў Мінску. Чыноўніка затрымалі ўвосень 2022-га.
Фармальна МАПІД лічыцца прыватнай кампаніяй, акцыянерным прадпрыемствам. Аднак фактычна ўсе акцыі належаць дзяржаве ў розных яе юрыдычных праявах.
НН нагадвае, што пасля пратэстаў Мілашэўскі звольніў дзясяткі людзей, якія падтрымлівалі дэмакратычныя перамены ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.