Затрыманага на маршы ў Драздах мінчука асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі

Затрыманага на маршы ў Драздах мінчука асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі

47-гадовага Уладзіміра Жыхара асудзілі на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынес суддзя Савецкага раёна Мінска Аляксандр Якунчыхін, піша TUT.by.

Жыхара затрымалі 13 верасня на маршы, які ішоў у Дразды. За ўдзел у акцыі ён адседзеў восем сутак, потым на яго пачалі крымінальную справу.

Яго вінавацілі, што ён біў сілавікоў, ударыў па мікрааўтобусе і выхапіў у аднаго з іх траўматычны пісталет. Сам мужчына гэта абвяргаў і казаў, што толькі закрываўся рукамі ад збіцця, але не нападаў. Хто прычыніў амапаўцам траўмы і выхапіў пісталет, ён не ведае.

"Я проста спрабаваў выратаваць сваё жыццё, абараняўся ад дубінак, за што атрымліваў яшчэ больш", — тлумачыў Жыхар.

Адвакат Уладзімір Хрышчановіч на судзе ўказваў на несупадзенні ў справе. Таксама ён звярнуў увагу, што паказанні амапаўцаў падчас допытаў істотна адрозніваюцца ад таго, што яны казалі ў судзе. Абарона падала суду відэа, на якім бачна, як б'юць Жыхара пры затрыманні. Але крымінальную справу па факце яго збіцця не пачалі.

Пацярпелымі на судзе выступалі амапаўцы. Адзін з іх  Анатоль Грыбоўскі, які выступаў на судзе, папрасіў кампенсацыю ў 1000 рублёў за "маральныя пакуты", "фізічны боль" і за тое, што "зганьбіў гонар і годнасць". Пры гэтым па дапамогу да медыкаў Грыбоўскі не звяртаўся, пабоі здымаць адмовіўся. Суд пастанавіў, што Жыхар павінен кампенсаваць Грыбоўскаму 1000 рублёў. Такую ж маральную кампенсацыю ён павінен заплаціць яшчэ пяці амапаўцам. А таму, у якога вырвалі пісталет, — 3000 рублёў.

Таксама пазоў да Жыхара на 300 тысяч рублёў выставіў "Мінсктранс": маўляў, у гэты дзень былі перабоі ў працы грамадскага транспарту. Аднак гэты азоў будзе разглядацца ў грамадзянскім судзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі