Затрыманы гендырэктар Аршанскага мясакансервавага камбіната
У Оршы затрыманы генеральны дырэктар мясцовага мясакансервавага камбіната Сяргей Качанаў, паведамляе партал TUT.BY.
7 снежня на сайце ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” з’явілася інфармацыя пра новага кіраўніка: прадпрыемства ўзначаліла Святлана Жураўская.
Паводле інфармацыі з неназваных крыніцаў, супрацоўнікі праваахоўных структур затрымалі Сяргея Качанава яшчэ на выхадных.
Разам з тым рэгіянальны следчы камітэт, УУС, Камітэта дзяржкантролю і пракуратура вобласці паведамілі, што інфармацыі пра затрыманне былога гендырэктара ў іх няма. У прэс-службе КДБ таксама ніякіх каментароў з гэтай нагоды не далі.
Яшчэ 2 снежня былі затрыманыя першы намеснік старшыні аблвыканкама і кіраўніцтва мясакамбіната ў Гомелі. Па наяўнай інфармацыі, адной з падставаў для арыштаў сталі махінацыі мясам: пратэрмінаваную прадукцыю з гандлёвых кропак вярталі на прадпрыемства, яе перапрацоўвалася і ў якасці фаршу зноў накіроўвалі на паліцы крам.
Як паведамляе TUT.BY, затрыманні на Аршанскім і Гомельскім мясакамбінатах звязаныя паміж сабою.
Фота: konserva.all.biz