Заявы кітайскага амбасадара недапушчальныя — Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская пракаментавала скандальнае інтэрв'ю кітайскага амбасадара ў Францыі Лу Шая. У гэтым інтэрв'ю дыпламат заявіў, быццам краіны былога Савецкага Саюза "не маюць сапраўднага статусу ў міжнародным праве".

"Вядома, такія заявы амбасадара абсалютна не дапушчальныя. Міжнародная супольнасць прызнала Беларусь як суверэнную дзяржаву адразу пасля аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе, і КНР гэта зрабіла сярод першых. Суверэнітэт Беларусі замацаваны ў нашай Канстытуцыі, і Беларусь яго рэалізуе ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права", — цытуе прэс-служба Ціханоўскай яе заяву.

Лідарка дэмсілаў падкрэсліла, што заявы кітайскага амбасадара адразу асудзілі Літва, Латвія, Украіна, і афіцыйны Пекін быў вымушаны даваць тлумачэнні. "А вось МЗС Лукашэнкі вырашыў адмаўчацца, нягледзячы на свае нібыта сяброўскія адносіны з Кітаем. Грэбаванне незалежнасцю і нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны — вынік заганнай палітыкі Лукашэнкі на працягу дзесяцігоддзяў. Менавіта таму нашая краіна знаходзіцца ў глыбокім палітычным і гуманітарным крызісе", — кажа Ціханоўская.

Па яе словах, новая Беларусь будзе патрабаваць павагі да сваёй незалежнасці, цэласнасці межаў, раўнапраўных і празрыстых адносінаў. "Але для гэтага нашая краіна павінна пазбавіцца тыраніі і працаваць над тым, каб аднавіць сваю рэпутацыю ў міжнароднай супольнасці. І ўжо цяпер дэмакратычныя сілы пачалі гэтую працу", — заяўляе палітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі