Збіццё “жанчыны” на відэа: на падазраванага распачалі дзве крымінальныя справы

Збіццё “жанчыны” на відэа: на падазраванага распачалі дзве крымінальныя справы

Гісторыя "выбухнула" з падачы ГУУС Мінгарвыканкама, дзякуючы відэа, на якім жорстка збівалі чалавека. Ролік “Расшукваецца за нападзенне на жанчыну” дагэтуль можна знайсці ў інтэрнэце.

Аднак у Следчым камітэце сёння афіцыйна паведамляюць: пацярпелая асоба — мужчына.

Падазраванага ў злачынстве затрымалі 18 лістапада ў вёсцы Усяж Смалявіцкага раёна. Напэўна, спецназаўцы, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, таксама былі ўражаныя навіной пра збіццё жанчыны.

“Сашу павалілі і пачалі біць тварам аб падлогу. У крыві тут усё было заліта. Усё гэта бачыла чатырохгадовае дзіця”, — расказвае Еўрарадыё Таццяна, жонка таго самага падазраванага Аляксандра Г.

Пра лёс мужчыны доўга не было чуваць. І вось жонка атрымала ліст з мінскага СІЗА на Валадарскага.

“Ён напісаў, што яго затрымалі за хуліганку па артыкуле 339 частка 2. Таксама паведаміў, што суд будзе яшчэ да Новага года. Але на відэа, якое выставіла міліцыя, адбываецца разбой, а не хуліганка. І пра гэта ў лісце ад мужа – ні слова. Верагодна, на відэа са збітым чалавекам не мой муж”, — разважае Таццяна.

Збіццё “жанчыны” на відэа: на падазраванага распачалі дзве крымінальныя справы
Аляксандр Г. разам з сынам

У той жа час ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску тлумачаць, што на Аляксандра Г. распачатыя адразу дзве крымінальныя справы. Абодва злачынствы, у якіх яго падазраюць, былі здзейсненыя ў адну ноч.

“Расследаванне па крымінальнай справе працягваецца. Дзеянні мужчыны па выпадку, які зафіксаваны на відэа, кваліфікаваныя як рабунак. У дачыненні да яго ж расследуецца і справа па артыкуле “Хуліганства”, — паведамляе Аляксей Клімовіч, афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску.

За “Рабунак” (артыкул 206 крымінальнага кодэксу) Аляксандру Г. пагражае арышт, альбо абмежаванне волі, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў. Злачынства было здзейсненае недалёка ад крамы, дзе падазраваны засвяціў свой твар.

За “Хуліганства” (артыкул 339) таксама пагражаюць арышт альбо абмежаванне волі, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў. Эпізод, у якім падазраюць Аляксандра Г., здарыўся ў той жа вечар у дачыненні да дваіх мужчын. Іншыя падрабязнасці Следчы камітэт пакуль не паведамляе.

Таццяна Г. звярнулася ў праваахоўныя органы са скаргай на дзеянні спецназаўцаў падчас затрымання мужа. Рэакцыі пакуль няма. Але калі міліцыя не прызнае, што пераблытала жанчыну з мужчынам, то і за перавышэнне службовых паўнамоцтваў спецназаўцы могуць адказаць толькі ў тэорыі.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём гэтай гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі