Жбанкоў: Новая генерацыя кінематаграфістаў не мае шансаў у нашай сістэме

Кінакрытык Андрэй Расінскі адзначае, што калі дакументальнае кіно перажывае “залатыя часы”, дык у мастацкім сітуацыя сумная і яна пакуль толькі пагаршаецца. 


Андрэй Расінскі: “Звычайна, за год здымаецца дзве-тры паўнавартасныя ігравыя стужкі. Бывае і больш, але зараз сітуацыя не самая лепшая. Тыя грошы, што былі, калі кіраўніком студыі быў Замяталін, ужо скончыліся, а якія мусілі быць, замарожаныя”.


Паводле слоў Расінскага, пад шыльдай “беларускага кіно” часам здымаюць фільмы з расіянамі. У выніку, на паперы, куды ставіцца “галачка”, усё не так кепска.


Культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў таксама досыць песімістычна ацэньвае сённяшні стан беларускага кіно:


“За мінулы год я не згадаю аніводнай кінапрэм’еры. Пазалетась былі і “Масакра” Кудзіненкі, і “Ваўкі” Колбышава, і “Дастыш Фантастыш” Канановіча. Як заўгодна можна ставіцца да гэтых стужак (я да іх даволі крытычна стаўлюся), але гэта былі, па вялікім рахунку, мастацкія выказванні. Сёлета — пустэча”.


І справа не толькі ў фінансах, якіх катастрафічна не хапае ў краіне, але і ў адсутнасці свабоды. Сітуацыя ў кінематографе адпавядае сітуацыі ў культуры ў цэлым: няма новых імёнаў, няма новых трэндаў, кажа Жбанкоў


“Пакуль існуе моцная эстэтычная цэнзура, так бы мовіць, пакуль існуе бюракратызацыя культур-індустрыі, пакуль усё новае мусіць быць зацверджана на найвышэйшым узроўні, плёну не будзе. Сама сістэма замінае нефарматным выказванням. А калі няма нефарматных выказванняў, творчых пошукаў, фармальных эксперыментаў, натуральна, не будзе і аднаўлення. Усё вельмі проста”.


І ўсё ж ёсць невялікія падставы для аптымізму. Андрэй Расінскі адзначае, што апошнім часам зноў пачалі з’яўляцца і заяўляць пра сябе прыватныя студыі, якія існавалі ў 1990-я, а пасля былі ў “замарожаным” стане. 


Андрэй Расінскі: “З’явілася, напрыклад, студыя пры Елізавецінскім манастыры і зараз яны актыўна здымаюць дакументальныя стужкі, а нават і ігравыя пачалі здымаць. Карціна “Інакіня” Галіны Адамовіч, якая ўжо прагрымела на фестывалях, была знятая менавіта на гэтай студыі. На прыватнай студыі “Навігацыя” на пачатку 2000-х гадоў здымалася і карціна Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”.


Перспектывы ў беларускага кіно бачыць і Максім Жбанкоў. Праўда, па-за межамі нацыянальнай кінаіндустрыі. 


Максім Жбанкоў: “Самае цікавае за мінулы год я бачу на ўзроўні студэнцкіх прац, бачу на ўзроўні самадзейнага дакументальнага кіно, якое робяць маладыя кінематаграфісты. То бок ёсць, фактычна, новая генерацыя – вельмі цікавыя аўтары з вельмі цікавым поглядам і стаўленнем да рэчаў, але ў наяўнай сістэме яны не маюць шансаў. І ў гэтым парадокс”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі