Жлобінскаму падлетку далі 2 гады, абвінаваціўшы, што ён кінуў камень у аўтазак

Жлобінскаму падлетку далі 2 гады, абвінаваціўшы, што ён кінуў камень у аўтазак

На два гады выхаваўчай калоніі асудзілі 17-гадовага Віталя Прохарава за падзеі 10 жніўня, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Прысуд вынесла суддзя Ірына Прадун.

Хлопца вінавацілі ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС (арт. 364).

Пракурор Андрэй Аношка ў абвінавачанні паведаміў, што 10 жніўня Прохараў шпурлянуў камень у аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю (820 рублёў).

Сам падлетак распавядаў, што 10 жніўня яго затрымалі амапаўцы і моцна збілі. Потым яго адпусцілі дадому, а неўзабаве аштрафавалі паводле артыкула 23.34.

На судзе Прохараў заявіў, што камень ён не кідаў, а дзеля піяру пахваліўся ў Instagram, што пабіў лабавое шкло аўтазака. Гэтыя словы запісаў на мабільнік ягоны прыяцель і выклаў у сацсеткі.

"Сакрэтны" сведка, які выступаў на судзе са змененым імем, адрасам і голасам, на пытанне адваката адказаў, што не бачыў момант, калі Прохараў кідаў камень. Але пасля гэтага пракурор удакладніў: “Дык кідаў ці не камень Прохараў?". І сведка адказаў, што кідаў.

Адвакат настойваў на апраўдальным прысудзе.

Але суддзя прысудзіла два гады выхаваўчай калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі