Журналіст: Субкультура выхоўвае ў моладзі любоў да свабоды

120314 RadaVuchni.mp3

Адпаведны дакумент, які рассылае міліцыя па беларускіх навучальных установах, трапіў днямі ў рукі журналістаў.

Еўрарадыё захацела разабрацца, чаго спалохаліся ўлады.

Журналіст, аглядальнік маргінальных плыняў Міхаіл Ларчанка кажа, што субкультура выхоўвае ў моладзі любоў да свабоды. Менавіта гэтага ўлады і баяцца.

Міхаіл Ларчанка: Улада пужаецца такіх людзей, бо, калі што, яны лёгка могуць падняцца і выйсці. Слухаючы менавіта такую музыку, яны адчуваюць сябе больш вольнымі, таму заўсёды гатовыя за сваю незалежнасць біцца, змагацца і адстойваць яе. 

Міхаіл Ларчанка адзначыў таксама, што людзі, якія ўжо ў школе актыўныя і незалежна ўспрымаюць свет, могуць потым у дарослым жыцці сваю актыўнасць перанесці ў палітыку. І гэта ўладзе не выгадна.

Міхаіл Ларчанка: Чалавек, калі ён у школе і мае нейкія нестандартныя погляды на жыццё, на музыку, на знешнасць, то ён можа ў будучыні стаць часткай нейкай няўгоднай уладзе, напрыклад, партыі. 

Але псіхолагі кажуць, што жыццё ў нейкай субкультуры можа мець і пазітыўны ўплыў на чалавека. Псіхолаг Таццяна Худа расказала, што зацікаўленне субкультурай можа праходзіць з узростам, пакінуўшы пазітыўны след у развііці асобы.

Таццяна Худа: Нефармальны падыход, нефармальная плынь, імкненне вылучацца, як спосаб выражэння сябе, самапрэзентацыі – гэта пераходзіць з цягам часу з узростам. Гэта не нясе небяспекі, а можа, наадварот, нейкі індывідуалізм падкрэслівае ў чалавека.

Ды і ці прынясе чаканы плён – сацыяльны ды ўласны спакой забарона, цкаванне і цікаванне за вучнямі ?..

Міхаіл Ларчанка: Калі маладому чалавеку нешта забараніць, то гэта робіцца больш прывабным дла яго. Ці гэтая субкультура, ці нейкія паводзіны, малюнкі… Таму мне падаецца, што любая забарона для дакладна несфарміраванага чалавека – гэта вельмі дрэнна. І адваротным бокам можа стаць тое, што яны пачнуць сябе больш агрэсіўна паводзіць. 

Псіхолаг Таццяна Худа пагаджаецца з гэтым меркаваннем Міхаіла Ларчанкі і развівае думку, кажучы, што забарона можа проста знішчыць адносіны паміж вучнем і педагогам у школе.

Таццяна Худа: Звяртаць увагу варта. Але пытанне, у якой форме будзе гэтая ўвага. Калі гэта звароты без павагі, кпіны, без разумення прычыны, чаму дзіця туды трапіла… Простае асуджэнне будзе выклікаць негатыўную рэакцыю і ніякага зруху у адносінах паміж педагогам і вучнем наогул не будзе ў школе. 

Таму, каб з занадта вялікага клопату не выйшла больш бяды, чым карысці…



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі