Журналіста Асіпцова аштрафавалі на 725 рублёў за навіну на Радыё "Свабода"
Суд Ленінскага раёна Магілёва 22 ліпеня аштрафаваў ужо былога карэспандэнта інфармагенцтва БелаПАН Алеся Асіпцова на 725 рублёў (25 базавых велічынь). Яго прызналі вінаватым у працы журналістам замежнага СМІ без акрэдытацыі, паведамляе праваабарончы ТГ-канал Mayday.
Асіпцова вінавацілі ў тым, што 25 траўня ён падрыхтаваў артыкул пра вынікі суда над палітвязнямі Паўлам Севярынцам, Максімам Вінярскім, Ірынай Шчаснай, Дзмітрыем Казловым ды іншымі для "Радыё Свабода".
На судзе Асіпцоў патлумачыў, што падрыхтаваў матэрыял для БелаПАН, дзе на той час працаваў. Матэрыял, які фіграваў у справе, быў апублікаваны расійскай службай Радыё "Свабода", з якой журналіст ніяк не звязаны. Як адзначана ў тэксце артыкула, матэрыял быў перадрукаваны з сайта Беларускай службы РС. Аднак сайт беларускай "Свабоды" недаступны ў Беларусі ўжо доўгі час.
Асіпцоў падаў афіцыйныя дакументы, што ён быў на час публікацыі момант карэспандэнтам інфармаагенцтва БелаПАН. Таксама ён указаў, што яго матэрыял быў першапачаткова апублікаваны менавіта на сайце інфармагенцтва.
Аднак суддзя Аксана Ратнікава абвясціла журналіста вінаватым і прысудзіла яму штраф.
Падчас пасяджэння Асіпцоў заявіў, што часова прыпыняе сваю журналісцкую дзейнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.