Журналістаў Еўрарадыё затрымлівалі на вакзале ў Мінску (дапоўнена)
Карэспандэнты прыехалі, каб сустрэць лідара хрысціянскіх дэмакратаў Паўла Севярынца, які вызваліўся сёння пасля 3,5 гадоў зняволення.
У 9:15 журналістаў выпусцілі. Іх дакументы прыехаў праверыць асабіста начальнік мінскай міліцыі палкоўнік Аляксандр Барсукоў.
Разам з Алесем Пілецкім і Віталём Ругайнам былі затрыманыя фатограф-фрылансер Аляксандр Васюковіч, фатограф "Нашай Нівы" Сяргей Гудзілін, карэспандэнт БелаПАН Захар Шчарбакоў, журналіст Барыс Гарэцкі.
Тэрмін “хіміі”, якую Павел Севярынец адбываў у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, заканчваецца раніцай у суботу.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам Павел Севярынец:
“19 кастрычніка ў мяне заканчваецца тэрмін. Калі я распытваў начальніка спецчасткі, ён сказаў, што зранку ў суботу, 19-га”.
Палітвязня загадзя папярэдзілі, што не дазволяць арганізаваць урачыстую сустрэчу ў Купліне:
Павел Севярынец: “Адмыслова выклікаў начальнік камендатуры і папярэдзіў, што каля будынку самой камендатуры ніякіх урачыстых сустрэчаў не дазволяць, нават не прапусцяць сюды падысці. Што тут будзе шмат міліцыі, у тым ліку ДАІ. Разлічваю, што да 10 раніцы ўжо буду каля КПП зусім вольным чалавекам”.
А раніцай 19 кастрычніка Севярынца, замест таго, каб выпусціць з КПП, вывезлі з Купліна і пасадзілі на цягнік да Мінска. Журналісты, якія ехалі сустракаць яго, развярнуліся ў Баранавічах і вярнуліся ў сталіцу, дзе іх затрымала міліцыя.
Нагадаем, Павел Севярынец быў затрыманы 20 снежня 2010 года, пасля падзеяў на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 16 траўня наступнага года яго прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі "за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Частку ад гэтага тэрміну Севярынец адсядзеў у следчым ізалятары КДБ, а дзень прыбывання там лічыцца як два дні “хіміі”. Пасля вызвалення Севярынец яшчэ 2 гады будзе на прафілактычным уліку.