Журналістку Барысевіч этапавалі з забойцамі, у кайданках была толькі яна
Журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч этапавалі ў калонію ў кайданках. Пра гэта яна расказала ў сваім першым інтэрв'ю па выхадзе на волю, якое ўзялі яе калегі з TUT.by.
Пра адпраўку журналісткі на этап з Жодзіна стала вядома 12 траўня. Яе везлі праз Магілёў у Гомель. 17 траўня яна была дастаўленая ў гомельскую жаночую калонію.
Барысевіч кажа, што яе перавозілі разам з жанчынамі, асуджанымі за забойства.
"У мяне была карычневая картка, як у чалавека, схільнага да экстрэмізму. Усіх такіх зняволеных перавозяць гэткім чынам. Са мной былі дзве жанчыны, якія асуджаныя за забойства. У іх тэрміны 9-10 гадоў. Яны жартавалі, што ехалі проста, спакойна, а я як экстрэміст (або схільная да экстрэмізму) ехала ў кайданках", — распавядае журналістка.
Яна дадае, што да яе ставіліся вельмі карэктна.
Журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч была асуджаная на паўгода зняволення па "справе пра 0 праміле". Яна апублікавала артыкул з медыцынскімі дакументамі, з якіх вынікала, што забіты жыхар "Плошчы Перамен" Раман Бандарэнка быў цвярозы. Гэта абвяргала заявы Следчага камітэта і Аляксандра Лукашэнкі. Суд над Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным быў закрытым нягледзячы на пазіцыю сваякоў Рамана Бандарэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.