Жыхар Баранавічаў загінуў пры спробе спусціцца на кабелі па сцяне дома (фота)
У Баранавічах загінуў мужчына, які паспрабаваў на тэлевізійным кабелі спусціцца з чацвёртага на трэці паверх жылога дома. Пра здарэнне агенцтву БЕЛТА распавяла старэйшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязей Баранавіцкага ГАУС Вольга Сакута.
Няшчасны выпадак здарыўся сёння каля 15-й гадзіны. У кватэру да 63-гадовага мужчыны пагрукаўся сусед, які забыў ключы і таму не мог трапіць дадому. Пенсіянер ўзяўся дапамагчы суседу. Ён заявіў, што служыў у дэсантных войсках і можа лёгка спусціцца па сцяне дома на паверх ніжэй.
Паводле папярэдняй версіі, для спуску мужчына вырашыў выкарыстаць тэлевізійны кабель. Адзін канец кабеля ён прымацаваў да батарэі, а другі завязаў сабе на поясе. Амаль адразу як ён павіс на сцяне на ўзроўні чацвёртага паверха, кабель абарваўся і мужчына грымнуўся вобзем. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы здарэння.
Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па гэтым здарэнні.