Жыхар Лідскага раёна пашкодзіў два аўтамабілі, выкінуўшы тэлевізар з акна
У міліцыю Лідскага раёна 9 студзеня звярнуліся ўладальнікі двух аўтамабіляў — Volkswagen Golf і Volkswagen Jetta. Яны заявілі, што іх аўто былі пашкоджаныя, перадае прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.
На месцы супрацоўнікі Лідскага РАУС выявілі, што на машыны нехта скінуў тэлевізар, гаршкі з кветкамі, а таксама фрагменты мэблі.
Праваахоўнікі выявілі, што зрабіў гэта непрацуючы 45-гадовы жыхар вёскі Вавёрка Лідскага раёну. Увечары 1 студзеня мужчына выпіваў. У нейкі момант нецвярозы грамадзянін вырашыў пазбавіцца ад лішніх рэчаў — і выкінуў іх у акно. У выніку была пашкоджаная чужая маёмасць.
Цяпер на яго пачалі крымінальную справу за хуліганства. Мужчыну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.