Жыхара Брэста "завочна" аштрафавалі за партрэты зніклых палітыкаў

Жыхара Брэста Андруся Шарэнду аштрафавалі за партрэты зніклых палітыкаў — на 2,7 млн рублёў. Яго прызналі вінаватым у расклейцы інфармацыйных плакатаў.

Нагадаем, што ўжо традыцыйная за апошнія месяцы акцыя салідарнасці адбылася 16 студзеня. У шматлюдных месцах Брэста з'явіліся партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Дзмітрыя Завадскага. У той жа дзень у Брэсце быў затрыманы грамадскі актывіст Андрусь Шарэнда. Маладога чалавека літаральна "знялі" з тралейбуса супрацоўнікі АМАПа.

Спачатку на актывіста быў складзены пратакол за "дробнае хуліганства". Ён нібыта аблаяў матам тых самых амапаўцаў. Пасля быў складзены другі пратакол, ужо непасрэдна за расклейку плакатаў — "Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў".

Аднак ці з’яўляецца расклейка плакатаў у прызначаных для гэтага месцах (хоць і без дазволу) забруджваннем тэрыторыі? Прававую ацэнку па абодвух пратаколах у гэтай справе спрабуем атрымаць у праваабаронцы Рамана Кісляка.

“Распаўсюд інфармацыі ўспрымаецца як парушэнне правілаў добраўпарадкавання. То бок улады выкарыстоўваюць фармальныя нагоды, каб перашкодзіць распаўсюду інфармацыі і выказванню свайго меркавання. Фармальна падыходзіць усё што заўгодна. Што да дробнага хуліганства, то тут безумоўна сфальсіфікаваная справа, каб яго (Шарэнду — Еўрарадыё) затрымаць і падвергнуць спагнанню”.

Па абвінавачанні ў дробным хуліганстве Андруся Шарэнду хацелі асудзіць праз некалькі гадзін пасля затрымання, аднак яго вызвалілі з залы суда. Складу правапарушэння ў дзеяннях актывіста суддзя не пабачыла, а адміністрацыйны пратакол загадала вярнуць у міліцыю на дапрацоўку.

Разгляд справы па другім артыкуле прайшоў 23 студзеня. Адміністрацыйная камісія Маскоўскага раёна Брэста прызнала Шарэнду вінаватым. У каментары Еўрарадыё Андрусь Шарэнда кажа, што даведаўся пра гэта толькі 27 студзеня з ліста, які атрымаў па пошце.

"Я быў асуджаны гэтай камісіяй на 15 базавых велічынь штрафу па артыкуле 21.14 нібыта праз забруджанне тэрыторыі і гэтак далей. З пратаколам я не пагадзіўся, але адміністрацыйная камісія на гэта не звярнула ўвагі і спакойна без маёй прысутнасці асудзіла мяне".

Андрусь Шарэнда з рашэннем камісіі не згодны, але пакуль не вырашыў, ці будзе яго абскарджваць. Малады чалавек упэўнены, што наступныя інстанцыі пакінуць прысуд без зменаў.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі