Жыхара Мазыра, які скраў з бальніцы банкамат, на 9 гадоў адправілі за краты
Жыхара Мазыра, які скраў з бальніцы банкамат, на 9 гадоў і 1 месяц адправілі за краты. Такое рашэнне прыняў суд Мазырскага раёна, паведаміла сайту sputnik.by прэс-сакратарка Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова. Паводле яе слоў, мужчыну прызналі вінаватым "у тайным крадзяжы маёмасці, здзейсненым паўторна, у асабліва буйным памеры". Адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. З мужчыны спаганяюць 15 мільёнаў рублёў маральных стратаў ад яго ўчынку. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў ноч на 7 лістапада 2015 года. Зламыснік здолеў патрапіць у будынак гарадской бальніцы, дзе дэмантаваў банкамат, у якім былі больш за 380 мільёнаў рублёў. Яго ён звёз на аўтамабілі Volkswagen Caravelle. Аднак даішнікі знайшлі зламысніка ў лесе ў некалькіх кіламетрах ад горада разам з скрадзеным банкаматам. Ён спрабаваў яго ўскрыць і нават не паспеў зняць маску. Пры спробе ўцёкаў 47-гадовага мужчыну затрымалі. Вядома, што раней ён неаднаразова меў праблемы з законам, на волю выйшаў за год да здзяйснення чарговага злачынства.