Жыхароў Ровеншчыны заклікаюць з-за магчымых правакацый не ісці ў РБ па ягады
Жыхароў Ровеншчыны заклікаюць не паддавацца на правакацыі і не ісці ў Беларусь па ягады і грыбы. Раней улады Беларусі ў аднабаковым парадку дазволілі ўкраінцам з памежных раёнаў з 1 ліпеня прыходзіць у беларускія лясы (Украіна пра гэта не прасіла).
Кіраўнік Ровенскай ваеннай адміністрацыі Віталь Коваль заявіў, што, "збіраючы ягады, не трэба пераходзіць беларускую мяжу". І нагадаў, што з украінскага боку яна закрытая.
"Пастаўцеся да гэтага свядома і адказна, — цытуе словы Коваля rivnepost.rv.ua. — Давайце збіраць ягады ў нашых родных палескіх лясах!".
Улады Ровеншчыны называюць рашэнне ўладаў Беларусі "правакацыяй". Папярэджваюць, што на тым баку мяжы ўкраінцаў могуць затрымаць, выставіць "надуманыя абвінавачванні" і выкарыстоўваць у якасці закладнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.