Жыхара Ваўкавыска асудзілі за абразу Лукашэнкі, Шведа і Эйсмант
Чатыры гады "хатняй хіміі" і штраф у 32 000 рублёў — такі прысуд атрымаў 40-гадовы жыхар Ваўкавыска. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Як заявіла следства, мужчына з лістапада 2021 года пакідаў абразлівыя каментары пад публікацыямі ў "дэструктыўных Telegram-каналах". Ягоныя заўвагі закраналі не толькі Лукашэнку, але таксама яго прэс-сакратар Наталлю Эйсмант і генпракурора Андрэя Шведа.
Падчас следства і на судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну.
Яшчэ да суда ён пералічыў па пазове генпракурора 10 тысяч рублёў на разліковы рахунак Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна Мінска. Таксама ён добраахвотна пералічыў той самай установе дадаткова яшчэ 10 тысяч рублёў — каб загладзіць шкоду.
Суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон, з якога жыхар Ваўкавыска пісаў каментары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.