Зімоўскі: Старшыня ЦВК упершыню агучыла магчымасць 2-га тура выбараў

Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, які зараз працуе медыякансультантам у Пецярбургу, сцвярджае: прадказаць “выбарчыя” хады беларускай улады не складана. Кажа, што нават паспрачаўся, што выбары прызначаць не на 15 лістапада, як неаднаразова заяўляла Лідзія Ярмошына, а на месяц-паўтара раней.

Зімоўскі: “Гэта такі стэрыатып, што апазіцыя слабая — мы з ім жывем ужо гадоў 20. І ўсе гэтыя гады яна была слабая. Але ж яна хоць чаму ды вучыцца, гэтая апазіцыя. Таму, галоўнае ў беларускіх выбарчых кампаніях — нерваваць апанента. Ён павінен быць у падвешаным стане. І таму гэта такі вось тыповы лукашэнкаўскі “нестандартны” захад — усе чакалі 15-га [лістапада], а будзе амаль на паўтара месяцы раней”.

Зімоўскі звяртае ўвагу на тое, што навіна пра змену даты беларускіх выбараў не трапіла нават у топ-20 навінаў. Гэта сведчыць пра тое, што вынік будучых прэзідэнцкіх выбараў беларусы лічаць вядомым. І гэта ўжо праблема не апазіцыі, а ўлады. Бо вынік выбараў трэба легімітызаваць і “прадаць на Захад”, кажа былы кіраўнік БТ.

Магчыма, таму ўпершыню ад старшыні ЦВК публічна прагучалі словы пра магчымасць другога туру выбараў.

Зімоўскі: “Там ёсць адна фішка, якой не было ніколі: Лідзія Міхайлаўна сказала, што перанос тэрмінаў, звязаны гэтаксама з тым, што магчымы другі тур выбараў. Раней на гэта было табу, ніколі так нідзе не гаварылася!”

Па словах Зімоўскага, падчас выбарчай кампаніі 2015 года “фактар Расіі будзе вельмі лагодны — у расійскай эліце існуе кансенсус наконт пераабрання Лукашэнкі на новы тэрмін і прынятае рашэнне дапамагчы яму камфортна выйграць выбары”. Праўда, чым за гэту дапамогу давядзецца заплаціць, суразмоўца не ўдакладняе.

Лукашэнка: Як і абяцаў, выбары правядзем сумленна і ў тэрмін (відэа)

Фота: Еўрарадыё і nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі