Знайшліся абломкі зніклага самалёта AirAsia
Улады Інданезіі мяркуюць, што зніклы 28 снежня самалёт Airbus A320-200 авіякампаніі AirAsia можа знаходзіцца на марскім дне.
У раёне меркаванага падзення самалёта знайшлі прадметы, падобныя да надзіманага трапа і аварыйных дзвярэй самалёта. Выратавальнікі высвятляюць, ці выжылі людзі, перадае Радыё "Свабода".
Знойдзеныя 30 снежня абломкі — хутчэй за ўсё, рэшткі самалёта авіякампаніі AirAsia, які знік на мінулым тыдні. Пра гэта піша The Straits Times са спасылкай на кіраўніка грамадзянскай авіяцыі Інданезіі Джока Мурджатмоджа.
Паводле паведамлення, у вадзе побач з абломкамі бачныя целы людзей. "Мы правяраем, жывыя яны ці мёртвыя", — заявіў прадстаўнік флоту Манахан Сімарангкір.
Да месца катастрофы накіраваныя пошукава-выратавальныя караблі і самалёты.
Airbus A320 кампаніі AirAsia знік з экранаў радараў раніцай 28 снежня. На борце пасажырскага авіялайнера былі 162 чалавекі — 155 пасажыраў, два пілоты, бортінжынер і чатыры бортправаднікі. Іх лёс цяпер невядомы. Асноўная версія катастрофы — навальніца над востравам.
Фота — AFP