Знішчыць беспрацоўе, спыніць кошты, павысіць заробак. Выберыце два пункты з трох

Знішчыць беспрацоўе, спыніць кошты, павысіць заробак. Выберыце два пункты з трох

Аляксандр Лукашэнка назваў тры галоўныя эканамічныя задачы, якія мусяць рашыць чыноўнікі. На сайце Адміністрацыі прэзідэнта іх сфармулявалі так: "урэгуляваць цэнавую палітыку, забяспечыць рост заробкаў і занятасць насельніцтва".

На думку старшага аналітыка кампаніі "Альпары" Вадзіма Іосуба, адначасова рашыць гэтыя тры задачы немагчыма, і вось чаму:

Знішчыць беспрацоўе, спыніць кошты, павысіць заробак. Выберыце два пункты з трох

"Калі я ўбачыў фармулёўку, у мяне ўзнікла трывалая асацыяцыя з "немагчымай тройкай". Памятаеце показку пра брыгаду будаўнікоў? "Выканаем працы хутка, танна і якасна. Выберыце два пункты з трох". Крыху раней Лукашэнка казаў, што трэба прымусіць працаваць усіх, хто не хоча працаваць. Але плаціць гэтым людзям добрыя грошы за фарбаванне платоў і капанне ямаў ніхто не будзе. І тут уключаецца вельмі простая арыфметыка: кожнае новае працоўнае месца з заробкам, ніжэйшым за сярэдні, робіць сярэдні заробак крыху меншым. Будзе шмат такіх працоўных месцаў — сярэдні заробак упадзе істотна. Але ж нам таксама даўно ўжо кажуць пра сярэдні заробак у $500! Тут парадокс відавочны: ці шмат таннай працы, ці рост сярэдняга заробку".

Еўрарадыё: Лукашэнка назваў і прыкладную колькасць людзей, якіх трэба заняць працай: 300-350 тысяч.
Вадзім Іосуб:
Ну вось, калі яны атрымліваюць палову ад сярэдняга заробку, дык каб папросту захаваць яго на месцы, трэба, каб столькі ж людзей атрымалі ў паўтара разы больш за сярэдні заробак. Калі прыняць сярэдні заробак за $500 (у эквіваленце), дык дадаючы 350 тысяч працоўных месцаў па $250 за месяц, улады мусяць падняць на $250 заробкі іншых 350 тысяч чалавек. Але дзе ўзяць гэтыя грошы?

Еўрарадыё: Ці ёсць залежнасць паміж заробкамі і коштамі?
Вадзім Іосуб:
Ёсць бяспечны спосаб падняць заробкі: рост заробкаў мусіць быць прывязаны да вытворнасці працы. Лепш папрацавалі, больш зрабілі, прадалі тое, што зрабілі — вось, за кошт гэтых грошай можна забяспечыць рост даходаў. З іншага боку прылаўка гэтыя даходы, калі груба казаць, будуць забяспечаныя большай колькасцю тавараў. Тады росту коштаў не адбудзецца. Але нават у самых смелых марах урад дапускае рост вытворчасці працы на 1-2%. Адпаведна, на столькі ж можна забяспечыць рост даходаў, каб не парушыць цэнавую стабільнасць.

Еўрарадыё: Калі вытворнасць працы расці не будзе, а заробкі пойдуць уверх, гэта прамы шлях да дэвальвацыі?
Вадзім Іосуб:
Вытворнасць працы можна падлічыць самастойна: тое, што вырабілі (за аснову можна ўзяць ВУП) дзелім на колькасць занятых у эканоміцы. Нескладана заўважыць, што росту вытворнасці працы можна дасягнуць, калі вырабляць столькі ж, але пры гэтым заняцца скарачэннем занятых. У лічыльніку дробу тое самае, а ў назоўніку лічба меншая. Але ж гэта супярэчыць задачы па павышэнні колькасці занятых на 300-350 тысяч чалавек. І гэта чарговы парадокс.

Еўрарадыё: Дарэчы, днямі Лукашэнка, кажучы пра сярэдні заробак, назваў лічбу не ў 500 долараў, а ў 1000 рублёў. Што гэта азначае?
Вадзім Іосуб:
Калі не спыняцца на такіх дэталях, што сёння 1000 рублёў гэта па курсе крыху больш, чым $500, дык можна сказаць, што абяцанні, якія гучаць у беларускіх рублях, больш рэальныя. Бо ёсць розныя спосабы іх выканаць. Напрыклад, не вельмі добры спосаб: узяць і надрукаваць грошай. А вось абяцанне зрабіць "усім па 500" выканаць немагчыма, калі эканоміка гэтага не дазваляе. Бо як толькі ўлады пачынаюць друкаваць і раздаваць усім рублі, змяняецца курс. І $500 зноў апынаюцца недзе далёка. Можна тады яшчэ рублёў надрукаваць і зноў іх дасягнуць. Але курс ізноў вырасце.

"350 тысяч [чалавек], якія мусяць працаваць, але не працуюць". Відэа: БелТА

Еўрарадыё: То бок, друкуючы грошы, заробак можна давесці да $500, але толькі на 1 месяц?
Вадзім Іосуб:
Так, але, тым не менш, абяцанне заробкаў не ў доларах, а ў рублях, гэта крок у правільным накірунку. Бо абяцаць фіксаваную суму ў чужой валюце — гэта глупства. Што праўда, і абяцаць 1000 рублёў у цяперашняй эканамічнай сітуацыі не вельмі разумна.

Еўрарадыё: Лукашэнка сказаў і пра тое, як мы будзем дасягаць заробку ў 1000 рублёў. Ці, дакладней, як мы не будзем яго дасягаць. Цытата: "Тыя рэформы, якія нам прапануюць, — гэта яўна не тое, што нам трэба". І яшчэ адна цытата: "Давайце будзем рашаць гэтыя жыццёва важныя задачы, якія самі па сабе ўсталі перад намі, так, як мы ўмеем".
Вадзім Іосуб:
Можна адказаць пытаннем: чаму ў нас сёння заробкі ў валютным эквіваленце сёння ніжэйшыя, чым у канцы 2014 годзе? Чыя гэта "заслуга"? А гэта "заслуга" той эканомікі, якую мы маем! І калі нічога не змяняць, даходы і далей будуць падаць, а людзі і далей будуць бяднець. Выйсце з гэтай сітуацыі — разабрацца ў тым, што не працуе, і пачаць гэта змяняць.

Еўрарадыё: Гэта, здаецца, і называецца рэформамі?
Вадзім Іосуб:
Так. А на тое, што не працуе, ужо шмат разоў звярталі ўвагу і прадстаўнікі Сусветнага банка, і эксперты Міжнароднага валютнага фонду. Праблем шмат, але на макраўзроўні ёсць дзве асноўныя: неэфектыўнасць дзяржаўнага сектару эканомікі і адсутнасць сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве.

Знішчыць беспрацоўе, спыніць кошты, павысіць заробак. Выберыце два пункты з трох
Вадзім Іосуб. Фота: Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Еўрарадыё: Калі Лукашэнка кажа, што мы нічога не будзем рэфармаваць — гэта значыць, мы адмаўляемся ад рэкамендацый з Захаду?
Вадзім Іосуб: 
Пытанні структурных рэформаў — не эканамічныя, а на мяжы эканомікі і палітыкі. Падчас рэформаў дабрабыт можа ўпасці, і гэта непазбежная плата за тое, што калі рэформы скончацца, ён будзе вышэйшым за той, што быў да іх. Альтэрнатыва — не рабіць рэформы, але ж дабрабыт у нас падае і без іх! Але адной палітычнай волі, каб пачаць рэформы, мала. Давядзецца ж прызнаць, што ўсё, што мы будавалі апошнія 20 гадоў, і нарэшце пабудавалі — тое, што было прадметам нашай годнасці — не працуе, і гэта трэба змяняць. А мы бачым, як цяжка даецца прызнанне памылак. Паглядзіце, як упіраюцца, каб толькі не прызнаваць, што адзін нейкі дэкрэт памылковы... А тут давядзецца прызнаць, што ўся мадэль беларускай эканомікі — памылковая. Не думаю, што ў бліжэйшы час мы пачуем такую заяву.

Слухаць размову цалкам:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі