Зноў праблемы ў прыватных маршрутчыкаў: прыпыняе працу “Полацкі экспрэс”

Зноў праблемы ў прыватных маршрутчыкаў: прыпыняе працу “Полацкі экспрэс”

21 верасня буйны перавозчык “Полацкі экспрэс” прыпыніў браніраванне паездак на кастрычнік. Далейшая праца фірмы пад пытаннем.

“Полацкі экспрэс” — буйны рэгіянальны перавозчык. Маршруткі ў сталіцу з Полацка і Наваполацка ходзяць кожную гадзіну. Кіроўцы забіраюць пасажыраў у месцах, зручных кліентам, звычайна, гэта прыпынкі грамадскага транспарту. Адна паездка каштуе 10 рублёў.

“Пакуль мы часова прыпынілі браніраванне месцаў, каб потым не адмяняць, — каментуе Еўрарадыё сітуацыю кіраўнік “Полацкага экспрэса” Дзмітрый Навіцкі. У нас падрыхтаваныя не ўсе дакументы, каб працаваць далей. На сёння дамова на рэгулярныя перавозкі ў нас не заключаная. І ці будзе яна заключаная, мы не ведаем. Выйшлі новыя правілы, якія пачынаюць працаваць з 12 кастрычніка”.

Новую рэдакцыю “Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў" Савет міністраў прыняў 31 жніўня. Гэта дакумент на 70 старонак, які ахоплівае абсалютна ўсе нюансы камерцыйных пасажырскіх перавозак: ад норм допуску кіроўцаў да працы да памеру і выгляду “шашачак” на аўтамабілі таксі. Згодна з ім, без дамовы аб арганізацыі рэгулярных аўтамабільных перавозак праца перавозчыка немагчымая.

Еўрарадыё даведалася, што дамова на рэгулярныя перавозкі ў “Полацкага экспрэса” скончылася 13 верасня.

“Мы прапанавалі гэтай фірме заключыць дамову з намі, — кажа дырэктар
Віцебскага прадпрыемства “Аператар перавозак” Сяргей Маршаловіч. — Адказу пакуль няма. Наколькі ведаю, у “Полацкага экспрэса” была дамова з прадпрыемствам "Мінскаблпасажыртранс"”.

У полацкай фірме “Новы паварот”, якая таксама працуе на мінскім напрамку, Еўрарадыё паведамілі, што яны працуюць як звычайна.

У чым складанасць заключыць дамову на рэгулярныя перавозкі?

“Ніякай складанасці заключыць дамову няма. Складана выконваць усе гэтыя новаўвядзенні, — распавядае Еўрарадыё Генадзь, уласнік фірмы-перавозчыка з Салігорска. — Калі чалавек адпрацаваў 15 гадоў, дык яму трэба адчыняць прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Потым трэба адмовіцца ад браніравання па тэлефонах і праз інтэрнэт. Таксама справа ў картках на ажыццяўленне рэгулярных пасажырскіх перавозак, якія выдае “Мінскаблпасажыртранс”. Калі раней хапала ўсім, дык цяпер іншая сітуацыя. Пасажыраў трэба забіраць толькі на канкрэтных прыпынках. Там іх
пяць па горадзе дазваляецца. І шэраг іншага…Дзяржава хоча, каб мы ўліліся ў шэрую масу”.

Прадпрымальнік дадае, што новыя правілы створаць нязручнасці і для пасажыраў, і для перавозчыкаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі