Зорку "Інтэрнаў" будуць судзіць за дыскрэдытацыю расійскага войска
Крысціна Асмус / Фота з сацсетак
Зорку "Інтэрнаў" Крысціну Асмус будуць судзіць за дыскрэдытацыю расійскага войска — інфармацыя пра разгляд справы з'явілася на партале судоў Масквы. Гаворка пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Справу будзе разглядаць Цвярскі суд расійскай сталіцы. Працэс прызначаны на 3 верасня. Акторцы можа пагражаць штраф. У прэс-службе суда ўдакладнілі, што Асмус "размясціла тэкставую публікацыю ў сацыяльнай сетцы, накіраваную на негатыўнае стаўленне да ваеннай аперацыі, якая праводзіцца", піша РБК.
Нагадаем, закон аб фэйках і дыскрэдытацыі расійскага войска быў прыняты ў сакавіку 2022 года пасля пачатку вайны з Украінай. За дыскрэдытацыю ваенных ўжо аштрафавалі лідара гурта "ДДТ" Юрыя Шаўчука. Падчас канцэрту ва Уфе 18 траўня ён заявіў са сцэны, што "Радзіма, сябры, гэта не дупа прэзідэнта, якую трэба ўвесь час слініць, цалаваць. Радзіма — гэта бабуля жабрацкая на вакзале, якая прадае бульбу. Вось гэта радзіма". Зала адказала яму апладысментамі. А суд палічыў, што Шаўчук распаўсюджвае фэйкі і прызначыў яму штраф у 50 тысяч расійскіх рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.