ЗША ўвялі санкцыі яшчэ супраць 43 грамадзян Беларусі
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен / Reuters
Адміністрацыя ЗША прыняла рашэнне ўвесці санкцыі ў дачыненні да 43 грамадзян Беларусі, у тым ліку асоб высокага рангу, "адказных за падрыў дэмакратыі" ў краіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
Падставай для прыняцця рашэння сталі няспынныя рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, актывістаў і журналістаў.
"Асаблівую трывогу выклікаюць аблавы 16 лютага на праваабарончую арганізацыю "Вясна", Беларускую асацыяцыю журналістаў і незалежных прафсаюзных работнікаў, а таксама вынясенне 18 лютага прысуду журналістам Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай", — адзначыў Блінкен.
У санкцыйны спіс трапілі чыноўнікі са сферы юстыцыі, кіраўнікі і шараговыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія затрымлівалі і жорстка звярталіся з мірнымі дэманстрантамі, суддзі і пракуроры, якія маюць дачыненне да вынясення турэмных прысудаў журналістам і ўдзельнікам пратэстаў, а таксама работнікі ВНУ, якія пагражалі студэнтам.
Гэтым асобам будзе забаронены ўезд у Злучаныя Штаты, адзначаецца ў дакуменце.
Агенцтва ТАСС спрабавала ўдакладніць прозвішчы людзей, якія трапілі ў санкцыйны спіс, аднак у прэс-службе Дзярждэпартамента сказалі, што пакуль "няма чаго дадаткова дадаць".
Раней урад ЗША ўжо двойчы ўводзіў санкцыйныя спісы. У іх трапілі 66 чалавек — чыноўнікі высокага рангу і грамадзяне, якія маюць дачыненне да падрыву дэмакратыі ў Беларусі, нагадалі ў Дзярждэпартаменце.
Там таксама адзначылі ,што "Злучаныя Штаты працягваюць падтрымліваць міжнародныя намаганні па незалежным расследаванні парушэнняў, якія мелі месца падчас выбараў у Беларусі, а таксама рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян".
Аб магчымых новых санкцыях ЗША ў дачыненні да Беларусі ідзе гаворка і ў рэзалюцыі, якая цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Кангрэсе ЗША.
Напярэдадні аб пашырэнні санкцыйнага спісу ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і іншых асоб, адказных за рэпрэсіі і ўшчамленне правоў чалавека, абвясціла і Вялікабрытанія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.