Зяленскі падпісаў указ аб санкцыях супраць Парашэнкі

Пётр Парашэнка / фота з яго старонкі на Фэйсбуку
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб санкцыях Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) супраць некалькіх украінскіх дэпутатаў і бізнесоўцаў.
Пад санкцыі, у прыватнасці, трапілі лідар партыі "Еўрапейская салідарнасць" і экс-прэзідэнт Пётр Парашэнка, мільярдэр Ігар Каламойскі, "кум Пуціна" і экс-лідар партыі "ОПЗЖ" Віктар Медвядчук, мільярдэр і сузаснавальнік "Прыватбанка" Генадзь Багалюбаў, які пакінуў Украіну.
Санкцыі прадугледжваюць пазбаўленне дзяржаўных узнагарод, блакаванне актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, забарону на набыццё ва ўласнасць зямельных участкаў і да таго падобнае, адзначае hromadske.ua.
Парашэнка напярэдадні пацвердзіў, што РНБА ўвяла супраць яго санкцыі, і назваў такое рашэнне антыканстытуцыйным. Палітык сказаў, што яму не дазволілі выехаць на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы і ўручылі 15 позваў у Дзяржаўнае бюро расследаванняў — на кожны дзень з 14 па 28 лютага.
Дэпутаты "Еўрапейскай салідарнасці" 13 лютага заблакавалі трыбуну Вярхоўнай Рады і выйшлі з плакатамі з патрабаваннем спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.