Зяленскі прыедзе ў Беларусь, а Лукашэнка ў кастрычніку наведае Жытомір

Зяленскі прыедзе ў Беларусь, а Лукашэнка ў кастрычніку наведае Жытомір

31 ліпеня ў Аляксандра Лукашэнкі адбылася тэлефонная размова з Уладзімірам Зяленскім, інфармуе прэс-служба беларускага кіраўніка.

Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Украіны з паспяховым правядзеннем палітычных кампаній і пажадаў яму поспехаў у фармаванні органаў улады і ў цэлым у далейшай працы.

Зяленскі яшчэ раз пацвердзіў запрашэнне Лукашэнку наведаць Украіну на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Гэты форум пройдзе сёлета ў кастрычніку ў Жытоміры. Кіраўнік Беларусі прыняў запрашэнне .

Паведамляецца, што Зяленскі падрабязна распавёў беларускаму калегу пра сітуацыю ў Данбасе і падзякаваў за арганізацыю эфектыўнай перамоўнай пляцоўкі ў Беларусі і за ролю нашай дзяржавы ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту. У адказ Лукашэнка запэўніў, што Мінск надалей будзе прыкладаць усе намаганні для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне.

Адзначаецца, што кіраўнікі Беларусі і Украіны таксама абмеркавалі ўборачную кампанію ў абедзвюх краінах, а таксама забеспячэнне нацыянальнай бяспекі ў энергетыцы.

Напрыканцы размовы Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Украіны наведаць Беларусь у любы час і ў любым фармаце. Зяленскі прыняў гэтае запрашэнне з задавальненнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі