З'явілася інфармацыя па справе беларуса, якога абвінавачваюць у выбухах на БАМе
Сяргей Ерамееў у Омску, 2023 год
З'явілася кароткая інфармацыя па справе беларуса, якога абвінавачваюць у выбухах на БАМе. Як паведамляюць расійскія СМІ, на даным этапе следства шукае чалавека, які перадаў Сяргею Ерамееву выбухоўку і фінансаваў аперацыю.
52-гадовага Ерамеева затрымалі ў Омску ў пачатку снежня 2023-га. Паспяховая дыверсія адбылася ў канцы лістапада — рух на БАМе цалкам спыняўся (спачатку быў падарваны адзін цягнік, пасля — другі, які адправілі па аб'язной дарозе). "Праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы [для вайны супраць Украіны]. Галоўная мэта была — перашкодзіць руху", — сказаў грамадзянін Беларусі ў судзе.
У сакавіку 2024-га стала вядома, што беларус знаходзіцца ў СІЗА "Лефортава" ў Маскве. Сяргея Ерамеева прывозілі з РФ на следчыя дзеянні ў Беларусь.
Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020-м, быў звольнены з палітычных матываў. Па версіі ФСБ, ён прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў на цыстэрнах грузавых цягнікоў. Сцвярджалася, што ён нібыта дзейнічаў па заданні іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны". Відаць, менавіта гэтага чалавека шукае расійскае следства.
Пасля дыверсіі ў Расіі ў Беларусі прайшлі затрыманні. У Полацку і Наваполацку супрацоўнікі КДБ прыйшлі да дзясяткаў мясцовых жыхароў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.